Стала вядома, якія візавыя санкцыі будуць уведзеныя супраць Беларусі
29 верасня Еўракамісія прапанавала часткова прыпыніць дзеянне пагаднення ЕС з Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму. Гэтае прыпыненне з'яўляецца кропкавым, накіраваным на дзяржаўных чыноўнікаў і ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў, заявілі на прэс-канферэнцыі ў Бруселі прадстаўнікі Еўракамісіі. Рашэнне мусіць прыняць Савет ЕС.
У публікацыі wyborcza.pl згадваецца, якія менавіта візавыя санкцыі будуць уведзеныя супраць Беларусі. Пад іх трапяць члены афіцыйных дэлегацый, прадстаўнікі цэнтральных і мясцовых уладаў, парламента, мясцовых саветаў, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. Супрацоўнікі гэтых устаноў будуць плаціць за шэнгенскія візы не 35, а 80 еўра. Таксама ім не будуць выдаваць шматразовыя візы. Дзеля атрымання "шэнгену" ім трэба будзе прадастаўляць максімальна падрабязнае абгрунтаванне для ўезду.
Прадстаўнікі Еўракамісіі падкрэсліваюць, што рашэнне не закране звычайных грамадзян Беларусі і што візавыя санкцыі — гэта адказ на дзеянні афіцыйнага Мінска (згадваецца спроба дэстабілізаваць ЕС з дапамогай мігрантаў, прыпыненне дзеяння пагаднення аб рэадмісіі). Брусель рыхтуе і новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.