Стала вядома, за што адправілі на суткі чыноўніка Жлобінскага выканкама
Пасля суда Яўгена Ахрэменку звольнілі
Начальнік упраўлення спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Яўген Ахрэменка атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" у сацсетках. Ён паставіў лайк пад постам супольнасці "С." ("Свободный_Жлобин") у Instagram. Гэта супольнасць уключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і прызнаная экстрэмісцкай, расказвае "Гомельская вясна".
Публікацыя, якая спадабалася чыноўніку, была адрасаваная Жлобінскім супрацоўнікам КДБ — іх віншавалі З Днём прафесійнай непрацаздольнасці. Суд палічыў, што Ахрэменка, калі паставіў лайк пад постам, павялічыў "ахоп аўдыторыі для яго прагляду, чым распаўсюдзіў інфармацыйную прадукцыю названай супольнасці". Сам Ахрэменка сваю віну прызнаў часткова, заявіў, выпадкова адзначыў гэтую публікацыю. Паводле яго слоў, старонку супольнасці ён вывучаў "з мэтай выяўлення і спынення супрацьпраўных дзеянняў з боку падначаленых і спартоўцаў". Праваабаронцы дапускаюць, што чыноўнік не хлусіў — яго сацсеткі выглядаюць "ідэалагічна правільнымі". Ён публікуе толькі лісты іншых чыноўнікаў, інфармацыю аб афіцыйных мерапрыемствах Лукашэнкі і спорт. Але суд гэта не пераканала. Не паўплываў на рашэнне суддзі і той факт, што ў чыноўніка трое непаўналетніх дзяцей. Ахрэменку прысудзілі да 15 сутак арышту з канфіскацыяй мабільнага тэлефона. Пасля суда яго звольнілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.