Сталі вядомыя падрабязнасці нападу пітбуля на цяжарную жанчыну
Сталі вядомыя падрабязнасці гісторыі з нападам сабакі на цяжарную жанчыну ў Баранавіцкім раёне. Мясцоваму выданню Intex-press іх паведаміў участковы інспектар, які выязджаў на месца здарэння.
Нагадаем, што 29 красавіка ў вёсцы Дзераўная пітбуль Рычы напаў на цяжарную 33-гадовую жанчыну і моцна пакусаў яе. Жанчыне давялося ампутаваць абедзве рукі.
"Дзяўчына выпусціла сабаку пагуляць, а калі заганяла дадому, пляснула яе тапкам, каб той хутчэй ішоў. Сабака схапіў дзяўчыну за руку, паваліў на зямлю каля дома і пачаў ірваць. Калі жывёла практычна адгрызла адну руку, дзяўчына страціла прытомнасць. У гэты момант тое, што адбываецца, заўважылі суседзі. Яны адагналі сабаку і выклікалі "хуткую дапамогу", — распавёў участковы.
Сабака належаў сужыцелю жанчыны. Паведамляецца, што пацярпелая была ў той вечар дома адна, бо яе грамадзянскі муж быў на працы. У лякарні жанчына прызналася, што перад здарэннем "выпіла каля 400 грамаў віна".
Дактары ампутавалі маладой жанчыне абедзве рукі вышэй локця. Цяпер яна ў прытомнасці, але, па словах міліцыянта, дагэтуль знаходзіцца ў стане шоку. Пітбуль пакуль застаецца дома, пад распіскай у сужыцеля пацярпелай. Сабаку правяраюць на шаленства і праз 10 дзён плануюць усыпіць.
Дарэчы, грамадзянскі муж пацярпелай мае яшчэ двух сабак — вулічных дварнякоў. Яны жывуць у вальеры, у двары дома. А пітбуль Рычы, які напаў на жанчыну, жыў у доме.
Пасля аперацыі, як кажуць медыкі, стан цяжарнай жанчыны — сярэдняй цяжкасці. Жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі, дзіця яна не страціла.