Старшыню АГП Анатоля Лябедзьку будуць судзіць за Charlie Hebdo
Прычынай стаў несанкцыяваны пікет салідарнасці з забітымі французскімі журналістамі.
“Толькі што выйшаў з міліцыі, паведамілі, што будуць судзіць, трэба чакаць позвы. У матэрыялах справы папер амаль няма — там толькі раздрукоўкі з інфармацыйных сайтаў, з сацыяльных сетак. Паказанні двух ахоўнікаў амбасады. Я спытаўся, калі я рабіў нешта незаконнае, то чаму ахоўнікі мне не перашкодзілі. Адказалі, што яны былі маладымі і нявопытнымі. Не ведалі, што рабіць”, — расказаў Анатоль Лябедзька у каментары Еўрарадыё.
Акцыя салідарнасці прайшла ў Мінску 11 студзеня. Да французскай амбасады прыйшлі чатыры чалавекі, у тым ліку Анатоль Лябедзька. Яны трымалі ў руках аркушы паперы, на якой было напісана "JE SUIS CHARLIE". Праз некалькі хвілін яны разышліся.
Нагадаем, што на пачатку студзеня ў Парыжы тэрарысты расстралялі супрацоўнікаў рэдакцыі сатырычнага часопіса Charlie Hebdo. Акцыі салідарнасці з загінулымі прайшлі ў многіх краінах свету, у французскай сталіцы адбыўся мільённы Марш адзінства.
Крыху спозненую рэакцыю беларускіх уладаў на свой пікет Анатоль Лябедзька тлумачыць далікатнасцю справы. “Тут усё неадназначна. З аднаго боку, улады не хочуць, каб на такія акцыі выходзіла не 4, а 40 і 400 чалавек. З іншага, трэба неяк пакараць нас. Таму вось такая цягамоціна”, — мяркуе Лябедзька.
Фота "Новы час".