Старшыню райвыканкама, у дом якога ў Оршы ўрываліся сілавікі, знялі з пасады
Старшыню Аршанскага райвыканкама Леаніда Пянькоўскага знялі з пасады. Здарылася гэта амаль праз тры месяцы пасля скандальнай гісторыі, якая адбылася вясной 2017 года, літаральна праз некалькі дзён пасля яго прызначэння. Першым пра яе распавёў Аляксандр Лукашэнка 22 траўня. Кіраўнік дзяржавы быў абураны, што ў чыноўніка з яго кадравага рэестра адбыўся ператрус, а ён пра гэта нічога не ведаў. Лукашэнка загадаў старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча разабрацца ў сітуацыі.
Высветлілася, што Пянькоўскі “знаходзіўся ў хваравітым стане” і не выходзіў на сувязь з абласным кіраўніцтвам. З Віцебска і далі каманду аршанскім праваахоўнікам разабрацца, што ж адбылося з чыноўнікам. І яны яго знайшлі ў доме сваякоў, куды ўварваліся.
“Новы чалавек прыйшоў працаваць. Таўро на ім паставілі. Нядобры сігнал”, — сказаў у траўні Аляксандр Лукашэнка. У пачатку жніўня стала вядома, што старшыню райвыканкама вырашылі памяняць. Аляксандр Лукашэнка прызначыў старшынёй Аршанскага райвыканкама Аляксандра Пазняка, які дагэтуль працаваў памочнікам кіраўніка дзяржавы, інспектарам па Віцебскай вобласці, інфармуе БЕЛТА.