Страчвае сілы, настроены рашуча — Ігар Банцар працягвае сухую галадоўку
Ігар Банцар у судзе / @belsat
Гродзенскі рок-музыка Ігар Банцар, якога судзяць за хуліганства, працягвае сухую галадоўку. Ён не есць і не п'е з 3 сакавіка. Напярэдадні ў СІЗА яго наведаў адвакат.
"Страчвае сілы, настроены рашуча", — так апісала стан мужа жонка музыкі Анжаліка Арэхва, перадае БелаПАН.
На судзе маці Банцара прасіла яго адмовіцца ад галадоўку, "але ён прыняў такое рашэнне", адзначыла Анжаліка Арэхва.
Пра абвяшчэнне галадоўкі Ігар Банцар заявіў падчас першага ж судовага паседжання. Яно адбылося 3 сакавіка. Банцара судзяць за хуліганства (ч. 3 арт. 339 КК РБ): уначы 5 верасня музыка танцаваў без майткоў каля міліцэйскага аўтамабіля. Яго затрымалі 20 кастрычніка, і з тых часоў ён знаходзіцца ў гродзенскай турме.
На суд Банцар прыйшоў з аркушам, на якім было напісана напісаў "Справядлівасці няма". Падчас працэсу ён таксама спяваў песні і казаў: "Гэта не суд".
Ігар Банцар — рок-музыка, лідар стрыт-панк-гурта Mister X. Яму 41 год, разам з жонкай яны выхоўваюць траіх дзяцей. Летась за ўдзел у мітынгах адседзеў 18 сутак.
Наступнае судовае пасяджэнне па яго справе запланаванае на 12 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.