Суд над брэстаўчанамі зноў перанеслі — на 30 кастрычніка

Суд над брэстаўчанамі зноў перанеслі — на 30 кастрычніка

У Брэсце перанеслі суд над футбольнымі фанатамі, якіх затрымалі па дарозе ў Мінск. Чатырох брэстаўчан затрымалі па дарозе на шэсце нацыянальнага сцяга ў Мінску. Апазіцыйная акцыя прайшла ў сталіцы яшчэ 10 кастрычніка. У той дзень маладыя людзі выехалі з Брэста на аўтамабілі. А на выездзе з горада іх спынілі супрацоўнікі ДАІ разам з людзьмі ў чорным і зладзілі ператрус у салоне аўто. Па версіі праваахоўнікаў, адзін з маладых людзей быў падобным да нейкага крымінальніка. Усіх чацвярых даставілі ў Маскоўскі РУУС Брэста і склалі на іх пратаколы за нецэнзурную лаянку, пасля чаго завезлі ў ізалятар, дзе пратрымалі амаль двое сутак.

Па словах удзельніка справы Андрэя Кавальчука, падчас знаходжання ў ІЧУ да іх прыходзілі супрацоўнікі КДБ.

Кавальчук: "У ІЧУ да нас прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Яны пыталіся, як я стаўлюся да сітуацыі ва Украіне, на Данбасе. Ці ваяваў я там? Навошта я наведваў матч Беларусь-Украіна, які адбыўся ў Львове? Атрымліваецца, што на выездзе з Беларусі яны перапісалі ўсіх нас (футбольных фанатаў. — Еўрарадыё). Пыталіся, ці гатовы я прайсці паліграф, каб даведацца, ці не бандыт я, ці не страляў я з пісталета і гэтак далей".

12 кастрычніка маладых людзей прывезлі ў суд. З чатырох затрыманых толькі адзін прызнаўся, што лаяўся на супрацоўнікаў ДАІ. Астатнія сваёй віны не прызналі, і судовае пасяджэнне перанеслі, каб выклікаць у залу суда сведкаў-міліцыянтаў. Аднак 21 кастрычніка супрацоўнікі ДАІ на суд зноў не з'явіліся, і пасяджэнне зноў перанеслі.

Андрэй Кавальчук звязвае пераслед з боку праваахоўнікаў са сваёй грамадзянскай пазіцыяй і ўдзелам ў фанацкім руху. Па яго словах, пасля вызвалення палітвязня Мікалая Статкевіча ён наведваў усе акцыі апазіцыі, якія праходзілі ў Мінску.

Паўторны разгляд справы адбудзецца 30 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі