У Беларусі забаранілі лагатып моладзевага брэнда адзення
Лагатып, які ўключылі ў спіс "экстрэмісцкіх" матэрыялаў
У спіс "экстрэмісцкіх" матэрыялаў у Беларусі трапіў лагатып моладзевага брэнда адзення Supcable. Як заявілі ў прэс-службе пракуратуры Гомельскай вобласці, ён падобны да нацысцкай сімволікі.
Гандлёвая марка Supcable выпускае моладзевае адзенне і абутак, вытворчасць наладжаная ў краінах Азіі.
У пракуратуры звярнулі ўвагу, што арол на лагатыпе нагадвае аналагічную птушку з герба Трэцяга Рэйху, які трымаў у лапах дубовы вянок са свастыкай. "У адрозненне ад арыгінала арол на лагатыпе гандлёвай маркі трымае ў лапах круг з надпісам скарочанай назвы брэнда — Sup", — заяўляюць у пракуратуры. Камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі ўгледзела ў гэтым "прыкметы праяваў экстрэмізму".
"Знаходжанне ў свабодным абарачэнні дадзенай прадукцыі нівелюе ў моладзі сфармаваную нецярпімасць да нацызму, а таксама спрыяе скажэнню гістарычнай памяці праз ухваленне выкарыстання ў паўсядзённым жыцці, у тым ліку праз схаванае брэндаванне, сімволікі і атрыбутыкі арганізацый і іншых структур, якія ўчынілі злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенныя ды іншыя злачынствы, вызначаныя прысудам Міжнароднага ваеннага трыбунала", — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Высновы пракуратуры і камісіі падтрымаў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Цяпер штраф ці арышт пагражае не толькі за нашэнне вопраткі з гэтым лагатыпам, але і за яе продаж.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.