"Сітуацыя не палепшылася" — Гнёт аб адмене яго экстрадыцыі ў Беларусь
Андрэй Гнёт
Беларус Андрэй Гнёт папрасіў не спяшацца з віншаваннямі ў сувязі з рашэннем апеляцыйнага суда ў Сербіі. Напярэдадні суд адмяніў рашэнне аб яго экстрадыцыі Беларусь. Справу вярнулі на дапрацоўку — са словамі, як трактуе іх Гнёт, "у вас ёсць час выправіць памылкі і запытаць у Беларусі неабходную інфармацыю для юрыдычна карэктнай экстрадыцыі". Тым часам "РБ можа даслаць і яшчэ парачку новых крыміналак — свабодная каса, час ёсць, шанец дадзены", — перакананы ён.
Гнёт таксама нагадвае, што яго пакінулі пад арыштам: "без працы, без сродкаў да існавання, з 1 гадзінай выхаду з дому, без медыцынскай дапамогі". І ў гэтым плане ў яго жыцці нічога не змянілася. Ён павінен плаціць за арэнду жылля, купляць прадукты і аплачваць адваката. Новае слуханне справы ў судзе таксама запатрабуе выдаткаў. "Ніхто не ведае, наколькі я затрымаўся ў гэтым "тэрмінале" паміж Усходам і Захадам і на колькі хопіць рэсурсаў: маральных, матэрыяльных, фізічных", — адзначыў ён. Пры гэтым пагроза экстрадыцыі не знікла. "Мая сітуацыя не палепшылася, а стала нават горш — суду даручана выправіць недахопы ў справе, каб працэдура экстрадыцыі была юрыдычна пісьменна абгрунтаваная", — тлумачыць Андрэй. Але дадае, што не мае намеру здавацца.
Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў. Ён таксама з'яўляецца сузаснавальнікам свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY, якое ў РБ прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем". Па палітычных матывах ён вымушаны быў з'ехаць з Беларусі. У кастрычніку 2023-га яго затрымалі ў Сербіі па ордэры Інтэрпола: рэжым Лукашэнкі абвясціў Гнёта ў міжнародны вышук, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.