Суд па справе "Рабочага руху" пачаўся без пацярпелых

Падчас суда над удзельнікамі "Рабочага руху" / gp.by
Падчас суда над удзельнікамі "Рабочага руху" / gp.by

Працэс па справе "Рабочага руху" ў Гомельскім абласным судзе пачаўся без удзелу пацярпелых, піша БЕЛТА.

Падставай сталі іх заявы аб працоўнай занятасці і аддаленасці. Пры гэтым, па словах суддзі, пры неабходнасці пацярпелых выклічуць у Гомель.

Як паведамляла Еўрарадыё, на лаве падсудных апынуліся дзесяць актывістаў "Рабочага руху" — работнікі буйных беларускіх прадпрыемстваў. Гэта Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўко, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль. Яны былыя супрацоўнікі Беларускай чыгункі, "Гродна Азот", "Нафтана", "Атланта", Беларускага металургічнага завода. Сярод іх ёсць юрысты, слесары, Дыспетчар, памочнік майстра, вядучы інжынер, індывідуальны прадпрымальнік.

Іх вінавацяць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку — у здрадзе дзяржаве. Па гэтым артыкуле падсудным пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Паведамляецца, што 9 лістапада дзяржабвінаваўцы агучылі эпізоды дзейнасці кожнага абвінавачанага. Іх вінавацяць у стварэнні "экстрэмісцкага фармавання", а таксама перадачы інфармацыі пра тое, як беларускія прадпрыемствы меркавалі абыходзіць заходнія эканамічныя санкцыі.

Слуханне працягнецца 10 лістапада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі