Суд у Івацэвічах аштрафаваў кухара, які не хацеў карміць "бандэраўцаў"
Суд у Івацэвічах аштрафаваў на 76,5 рубля кухара, які не хацеў карміць "бандэраўцаў" (прысуд яшчэ не набыў законную сілу). Як інфармуе Радыё Свабода, працаўнік прыдарожнай кавярні абразіў наведвальніка — мінскага прадпрымальніка Сержука Бахуна, які быў з дачкой. Здарэнне адбылося ў студзені. Па словах Бахуна, дачка доўга разглядала меню, а ён жартам спытаў: "можа, табе трэба на беларускай мове меню, каб хутчэй выбраць?". Кухар Канстанцін Гарчакоў гэта пачуў і сказаў, што "тут хутка не будзе Беларусі, тут будзе Савецкі Саюз".
Бахун спачатку палічыў гэтыя словы жартам, адказаў, што пры СССР не было б гэтай прыватнай кавярні. Пасля гэтага Гарчакоў назваў Бахуна "хахлом, бандэраўцам, фашыстам" і адмовіўся абслугоўваць. Бахуны сышлі. Прадпрымальнік пачаў пісаць скаргі — у Івацэвіцкі райвыканкам, пракуратуру, адправіў заяву ў міліцыю. Ён хацеў, каб кухара прыцягнулі да адказнасці "за распальванне нацыянальнай варажнечы". Міліцыянеры склалі пратакол за дробнае хуліганства, але суд не знайшоў складу правапарушэння.
Сяржук Бахун напісаў новую заяву ў міліцыю аб абразе. Справа дайшла да суда і ён прызнаў факт абразы. Гарчакоў не адмаўляў, што назваў Бахуна "хахлом, бандэраўцам, фашыстам": "Я яму так і сказаў — вунь што ў суседзяў робіцца, хочаце, каб і тут такое было? Развалілі краіну, і тут хочуць разваліць. І сказаў, што карміць не буду, таму што іх я не кармлю".
Суддзя пацікавіўся, каго ён не хоча карміць?
"Бандэраўцаў, якія прыязджаюць, альбо тых, хто іх думку падтрымлівае, — кажа кухар і паведамляе цікавую інфармацыю. — Ведаеце, колькі іх заязджае? Іх вельмі шмат заязджае".