"Сумую па цішыні": баец ЦАХАЛ пагаварыў з Еўрарадыё перад адпраўкай у Газу
Салдат ЦАХАЛ у сектары Газа, фота ілюстрацыйнае
Яір проста цяпер знаходзіцца на мяжы Ізраіля і Газы. Калі мы размаўляем, вакол вельмі ціха — і гэта цуд.
— Проста ўдача. Звычайна тут заўсёды абстрэлы, а ты ўвесь час настолькі стомлены, што ўжо і не заўважаеш ні выбухаў, ні стрэлаў. Не заўважаеш ні таго, што лётае, ні таго, што страляе. Ты за месяц ужо так да гэтага прывык і так стаміўся, што як толькі дакранаешся галавой да падушкі — адразу засынаеш.
Шостага кастрычніка Яір клаўся спаць студэнтам — вывучаў электроніку і працаваў у кампаніі, якая распрацоўвае прыборы для эстэтычнай медыцыны. Ужо на наступны дзень ён прачнуўся пехацінцам ЦАХАЛ — і ўвечары 7 кастрычніка адправіўся на мяжу з Газай.
— Прачнуўся, прыняў халодны душ, каб вырашаць на халодную галаву. Было зразумела, што зараз прыйдзе позва. Падрыхтаваў свае рэчы. І ўсё — вечарам паехалі.
Які сёння дзень?
Яір бываў у гэтым рэгіёне раней. Цяпер вакол варонкі, расстраляныя дамы і спаленыя машыны. І зусім няма мірных жыхароў — толькі ізраільскія вайскоўцы. Розніцу складана растлумачыць, яе трэба ўбачыць.
Калі Яір прыехаў сюды ўпершыню адразу пасля нападу баевікоў ХАМАС, то яшчэ не ведаў, ці выпусцяць яго хаця б на адзін дзень дадому. На мінулым тыдні яму ўпершыню за месяц удалося пабываць дома. Мы пытаем, калі ў Яіра зноў будзе выходны, але ён не ведае.
— Ты жывеш думкай пра "тут і цяпер". Пачынаеш траціць лік дням. Пастаянна сумняваешся, які сёння дзень тыдня. Аўторак? Серада?
— Дарэчы, які сёння дзень?
Яір задумаўся — але аказалася, таму, што перакладаў у галаве з іўрыту на рускую. Ён нарадзіўся ва Украіне, і праз тры гады сям'я пераехала ў Ізраіль. Іўрыт — яго асноўная мова зносін.
У 16 гадоў ён, як і большасць ізраільцян і ізраільцянак, атрымаў сваю першую позву ў войска. Прайшоў медкамісію, мноства тэстаў — і яго адправілі ў пяхотны батальён, брыгаду "Нахаль". У кожнай спецыяльнасці свой курс маладога байца, хтосьці служыць 4 месяцы, а хтосьці — паўтара года. Усё залежыць ад роду войскаў.
— Я разумеў, што калі падчас тэрміновай службы быў у баявых войсках, хутчэй за ўсё, мяне прызавуць у пяхоту — пайду ваяваць наперадзе. Вядома, адчуваецца ўнутраны ціск — ты не ведаеш, што будзе праз пяць хвілін, праз гадзіну, тыдзень…
Раніца цяпер пачынаецца з кавы і цыгарэты. У самой Газе Яір пакуль не быў. Падрабязна расказваць пра тое, чым ён заняты проста цяпер, наш суразмоўца не мае права.
— У першую чаргу гэта бяспечнае перамяшчэнне на паўднёвых ускраінах, цэлы комплекс працы. Ёсць шмат чаго з таго, пра што я не магу расказаць — рэчы, якія нельга выдаваць.
Пастаянна чуеш і бачыш траплянні процітанкавых комплексаў, пастаянная пагроза беспілотнікаў, якія могуць на цябе што-небудзь скінуць, — але такіх абстрэлаў, як на паўночнай мяжы, у нас няма, бо цяпер асноўныя сілы ізраільскай арміі сканцэнтраваныя на поўдні.
Часам абмяркоўваем дзеянні арміі, нашае бачанне. Так, ёсць і спрэчкі, ёсць і непаразуменне — але мы ўсе ведаем, для чаго тут знаходзімся. І мы ўсе цяпер— "адзін за ўсіх і ўсе за аднаго", адна вялікая сям'я, — кажа нам Яір.
Гэта добрая частка службы. Ёсць іншая. Спяць салдаты ЦАХАЛ то ў доме, то ў полі. То ўвогуле не спяць.
— Калі ты даўно не служыў, то паспеў прывыкнуць да камфорту, да нейкіх стандартаў цывільнага жыцця.
Памятаю, калі служыў тэрмінавіком, было шмат адрэналіну. Так, ты не высыпаўся, спаў па дзве-тры гадзіны на дзень, праходзіў на вучэннях па 100 кіламетраў з грузам на 50 кілаграмаў — і думаў, што гэта не максімум, што можаш яшчэ! Але на "грамадзянцы" я даўно не адчуваў такіх нагрузак, і штодзённы ваенны распарадак дня цягам месяца — гэта, вядома, вельмі няпроста.
Па чым больш за ўсё засумаваў? Па цішыні. Па сваім кутку, у які ніхто не заходзіць. Хочацца пабыць аднаму.
Часам да байцоў прыходзіць ваенны псіхолаг. Але гавораць часцей не пра сябе, а пра тое, як супакоіць блізкіх.
— Як размаўляць са сваякамі, з сям'ёй — як зрабіць так, каб сям'я за цябе не перажывала. Што кажу сваім? "Так, цяжка, так, няпроста. Але ўсё ў парадку! Кормяць добра, душ ёсць — скардзіцца няма на што".
З-за мяжы дасылаюць шмат абсталявання — і ваеннага, і медыцынскага. Шмат дапамагаюць валанцёры, кажа Яір. Праўда, чым далей ты знаходзішся ад зоны баявых дзеянняў, тым больш атрымліваеш дапамогі і ахвяраванняў.
— Проста чым бліжэй ты да экшну, тым складаней гэтую дапамогу даставіць — гэта закрытая баявая зона.
Кава і круасан за кошт цывільных
Нядаўна Яір змог на дзень з'ездзіць дадому. У адной кавярні цывільны заплаціў за яго каву і круасан, у іншай кавярні прапанавалі зніжку.
— Ці саступаюць месца ў чарзе? Ды ў нас цяпер палова краіны ў войску. Так што ў чарзе, у якой ты стаіш, з табой стаіць шмат іншых вайскоўцаў.
У цэлым горад выглядае як звычайна — усё адчыненае, усё працуе. Хіба што менш людзей сядзіць у кавярні ўвечары, бо многія проста цяпер служаць у войску. І так, цяпер у Ізраілі я адчуваю сябе ў бяспецы.
Яір быў упэўнены, што яго прызавуць, але наогул ніхто не ведае напэўна, ці атрымае позву. Мы пытаем, ці ёсць у ізраільскай арміі ўхілісты, і Яір не ідэалізуе. Так, яны ёсць у любой арміі і ў любой краіне свету. Але ў Ізраілі служыць у войску прэстыжна.
— Нам нядаўна павялічылі выплаты і дзённы заробак. Ёсць ільготы на вучобе. А калі ты ўладкоўваешся на працу і ў тваім рэзюмэ ёсць радок пра службу ў баявых войсках, гэта таксама можа быць плюсам — калі твой патэнцыйны працадаўца таксама служыў у баявых.
Арабы ў Газе і ў Ізраілі
Яір яшчэ не быў у Газе — пакуль ідзе стадыя трэніровак. Ніхто з салдат не ведае, як будзе адбывацца наземны наступ, што будзе рабіць асабіста ён.
— Мы проста перад заходам атрымліваем інструкцыі, што павінныя зрабіць — а потым заходзім і робім.
— А гуманітарную катастрофу ў Газе абмяркоўваеце?
— Не абмяркоўваем, нас гэта не цікавіць. У нас іншыя задачы.
Яір прызнае, што спачатку было неразуменне: а як будуць паводзіцца арабы, якія жывуць у Ізраілі? І так, былі асцярогі. Але яны не апраўдаліся.
— Я занадта мала быў у горадзе з 7 кастрычніка, так што асабістых кантактаў з арабскім насельніцтвам Ізраіля пакуль не было. Але ў цэлым усё спакойна.
"Шукайце мяне ў Тайландзе"
Мы пытаем у Яіра, чым ён будзе займацца пасля нашага інтэрв'ю. Перад сном — чыстка зброі, нарада ў аддзяленні. Сон. У колькі пад’ём? Як атрымаецца.
— То-бок часам можна паспаць даўжэй? — пытаем.
— Часам можна наогул не паспаць, — адказвае Яір.
Ён не сумняваецца, што пасля вайны давядзецца некаторы час прывыкаць да мірнага жыцця. Уяўляе гэта так: легчы на ложак і нейкі час не рухацца.
Цяпер вакол Яіра варонкі і расстраляныя дамы мірных жыхароў. Але ён ведае, што, калі ўсё скончыцца, пачнецца аднаўленне поўдня. Людзі атрымаюць кампенсацыі і змогуць вярнуцца ў свае дамы, калі захочуць.
Мы пытаем у Яіра: калі? Калі ўсё гэта скончыцца? А вось гэтага ён не ведае.
— Гэта вельмі складанае пытанне, якое залежыць ад сукупнасці вельмі многіх фактараў, а тыя залежаць адзін ад аднаго і мяняюцца кожныя пяць хвілін. Гэта можа працягнуцца тыдні, паўгода, год ці некалькі месяцаў.
І тады прыязджайце ў Ізраіль. Тут вельмі адкрытыя людзі. У нас жывуць людзі розных нацыянальнасцяў, якія прыехалі з розных краін свету, з розных культур, і гэта моцна паўплывала на менталітэт. Усім без розніцы, як ты выглядаеш на вуліцы — ты свабодны настолькі, наколькі дазваляюць законы. Ты ведаеш, што ты свабодны, і разумееш цану гэтай свабоды.
Якія планы ў самога Яіра на "пасля вайны"? Ён адказвае адной фразай:
— Шукайце мяне ў Тайландзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.