Сустрэча Лукашэнкі і Парашэнкі адбудзецца сёння ў Кіеве

Аляксандр Лукашэнка і Пятро Парашэнка сустрэнуцца сёння ў Кіеве. Пра гэта паведамляе прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Андрэй Жыгулін.

“Сустрэча будзе пасля абеду. Праграма вельмі кароткая… Мажліва, сустрэча адбудзецца ў раёне 15 гадзіны (16.00 па мінскім часе)”, — сказаў Жыгулін.

Па яго словах, пра вынікі сустрэчы журналістаў праінфармуюць прэс-службы прэзідэнтаў. Нічога пра тэму перамоў прэс-сакратар Пятра Парашэнкі не сказаў.

Вядома, што ў панядзелак, 22 снежня ў Кіеў прыляціць кіраўнік Казахстана Нурсултан Назарбаеў. З-за адсутнасці інфармацыі пра дакладны час візіту ў Кіеў кіраўніка Беларусі выказваліся меркаванні, што Аляксандр Лукашэнка накіруецца ва Украіну сёння вечарам, каб заўтра правесці трохбаковую сустрэчу. Але выглядае на тое, што шляхі кіраўнікоў Беларусі і Казахстана ў Кіеве не перасякуцца.

Мяркуецца, што асноўнай тэмай сустрэчы Лукашэнкі і Парашэнкі будзе тэма працягу перамоў кантактнай групы ў Мінску па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі