Сусветны дзень інфармавання аб аўтызме адзначаецца 2 красавіка
Сусветны дзень інфармавання аб аўтызме адзначаецца сёння, 2 красавіка. Ён быў вызначаны ў 2007 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН і штогод адзначаецца ў гэты дзень з 2008 года.
Аўтызмам называюць парушэнне ў развіцці нервовай сістэмы, якое праяўляецца ў трох сімптомах — недахопе сацыяльных узаемадзеянняў, парушанай узаемнай камунікацыі, абмежаванасці інтарэсаў і паўтаральнага рэпертуару паводзінаў. У людзей з такім дыягназам парушанае ўспрыманне: лёгкія дотыкі могуць выклікаць у іх боль, а яркая рэч можа проста напалохаць.
Паводле прыкладных падлікаў навукоўцаў, колькасць людзей з рознымі разладжаннямі аўтычнага спектру складае да 6 чалавек на 1000.
У Беларусі існуе праблема з выяўленнем аўтызма і пастаноўкай дыягназу — лічыцца, што рэальных дзяцей-аўтыстаў у краіне ў 10 разоў болей, чым выяўленых. Асобнай сістэмы навучання і адаптацыі для іх не існуе.