Святлана Алексіевіч стала лідарам нобелеўскай гонкі
Па версіі букмекерскай канторы Ladbrokes, беларуская пісьменніца выйшла на першае месца за некалькі гадзінаў да абвяшчэння нобелеўскага лаўрэата.
Стаўкі на яе прымаюцца з каэфіцыентам 4 да 6, інфармуе сайт lenta.ru.
Нагадаем, у тройку фаварытаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры Святлана Алексіевіч "уварвалася" 8 кастрычніка. На той час букмекеры аддавалі перавагу японцу Харукі Муракамі. У спісе пісьменнікаў, складзеным букмекерамі, найбольшыя шанцы таксама маюць канадка Эліс Мунро, амерыканка Джойс Кэрал Оўц і венгр Петэр Надаш.
Прэмія па літаратуры лічыцца адной з найбольш чаканых і папулярных з усіх пяці Нобелеўскіх ўзнагародаў. Абвяшчэнне лаўрэата чакаецца сёння а 14-й гадзіне паводле беларускага часу.
Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў традыцыйна будзе праходзіць 10 снежня ў Стакгольме. Сума кожнай з Нобелеўскіх прэмій сёлета склала 1 мільён 200 тысяч долараў.
Святлана Алексіевіч нарадзілася ў 1948 годзе. Вядомасць ёй прынёс дэбютны раман "У вайны — не жаночы твар", які з'явіўся ў 1983 годзе. Іншыя вядомыя творы пісьменніцы — "Цынкавыя хлопчыкі" (пра вайну ў Афганістане), "Чарнобыльская малітва" (пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС), "Час сэканд-хэнд".
Фядута: “Нобель” зрабіў бы з Алексіевіч фігуру, супастаўную з Лукашэнкам
Фота — bymedia.net