Святлана Ціханоўская заклікала ўвесці санкцыі супраць беларускага НАК
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Санкцыі супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэта, які ўзначальвае Аляксандр Лукашэнка, сталі б "для яго асабістым ударам", заявіла Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю брытанскай газеце Financial Times.
Яна заклікала дэмакратычныя краіны аказаць больш актыўную падтрымку беларускай апазіцыі і ўзмацніць ціск на Мінск.
"Нам неабходная дапамога проста цяпер, і калі б еўрапейскія краіны, а таксама ўсе іншыя дзяржавы, якія падтрымліваюць наш рух, маглі дзейнічаць хутчэй, прымаючы свае рашэнні, гэта было б вельмі добра", — сказала Ціханоўская.
Паводле яе слоў, яна мае намер таксама абмеркаваць з кіраўніцтвам еўрапейскіх краін увядзенне бязвізавага рэжыму для жыхароў Беларусі, каб грамадзяне маглі адчуць сябе больш свабоднымі, а ў Лукашэнкі "было над імі менш улады".
Ціханоўская таксама адзначыла, што ніякага расколу ў апазіцыйным руху няма. Пра "раздрай" у апазіцыі днямі гаварыў Лукашэнка. Улады на мінулым тыдні распачалі таксама шэраг крокаў па абмежаванні перамяшчэння грамадзян. У прыватнасці, былі закрытыя на ўезд замежнікаў сухапутныя межы. Узніклі праблемы з вяртаннем дадому ў беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.