Сям'я Цапкалаў пераехала з Латвіі ў Грэцыю
Сям'я Валерыя і Веранікі Цапкалаў перабралася з Латвіі ў Грэцыю. Пра гэта Вераніка Цапкала расказала ў інтэрв'ю Радыё "Свабода".
Па словах жанчыны, за год і чатыры месяцы, якія мінулі ад пачатку выбарнай кампаніі, яны былі ў Расіі, Украіне, Польшчы і Латвіі.
"Чаму змянілі столькі краінаў? Спачатку хацелі абʼехаць усе краіны па перыметры Беларусі (Расія, Украіна, Польшча, Літва, Латвія), каб сустрэцца з кіраўніцтвам гэтых краінаў і расказаць пра сітуацыю ў нашай краіне. Так і атрымалася", — тлумачыць Вераніка.
Апошнім часам сям'я Цапкалаў жыла ў Латвіі, але з тыдзень таму пераехалі ў Грэцыю, дзе Вераніка атрымала працу. "У Грэцыі была адкрытая пазіцыя, якую я цяпер і буду займаць. Я працавала на працягу апошніх 10-11 гадоў у буйной IT-кампаніі. У Беларусі ў мяне была рэгіянальная роля, я адказвала за партнёрскія каналы ў краінах СНД, уключаючы Беларусь. Цяпер з абʼектыўных прычынаў я не магу знаходзіцца ў Беларусі, менавіта таму я пачала шукаць працу", — распавядае яна.
Па словах Веранікі, сям'я Цапкалаў апошні год жыве на асабістыя ашчаджэнні, а таксама на то, што Валерый Цапкала зарабляе як міжнародны ІТ-кансультант. "Калі гаварыць асабіста пра нас, мы ні капейкі дапамогі збоку за гэты час не атрымалі. Менавіта таму мы вырашылі, што я таксама павінна вярнуцца на працу, бо нам трэба за нешта жыць, карміць сваіх дзяцей, менавіта таму я перавялася з Беларусі ў Грэцыю, дзе была адкрытая пазіцыя ў рамках кампаніі, на якую я працую апошнія 10 гадоў. Мая пазіцыя звязаная з бізнес-развіццём, я адказваю за маркетынг у нашай кампаніі", — дадае жанчына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.