Сяргей Пукст: Ёсць самае агіднае беларускае пытанне "навошта?"

Фота Аляксандра Галецкага
Фота Аляксандра Галецкага

Сяргей Пукст, ён жа Георгій Дабро, ён жа адзін з аўтараў праекта True Litwin Beat, прыйшоў у студыю Еўрарадыё расказаць пра два новыя альбомы, паразважаць пра нежаданне беларусаў несці правакацыйную туфту і пра лёс творцы ў нашай краіне.

Дарэчы, пласцінка True Litwin Beat " Ненужная правда о белорусах-2", дзе Пукст рэжа праўду-матку пра сучасных беларусаў, выходзіць ужо 27 ліпеня. Георгій Дабро ж прадставіць новую, у тым ліку і англамоўную, творчасць напачатку жніўня.

Еўрарадыё: Ты кажаш, што другі альбом True Litwin Beat — больш экспартны.

Сяргей Пукст: Так, ён распаўсюджваецца экспартна — выйдзе на "Першаку", "Яндекс.Музыка", iTunes і г.д. І ў цэлым справа ў тым, што мы жывём у агульнай прасторы. Медыя-персоны ў нас адны і тыя ж. Не буду казаць, што мы практычна працятыя расійскімі мас-медыя і ў нас у краіне медыйных персон практычна няма. Няма аб кім гаварыць па вялікім ліку. У альбоме " Ненужная правда о белорусах-2" Макс Корж згаданы, ёсць песня з назвай "Брута". Наогул там шмат прозвішчаў.

Еўрарадыё: Чаму ў нас няма пра каго гаварыць? Што з намі не так?

Сяргей Пукст: Нашы мас-медыя працуюць неэфектыўна, у іх няма правакацыйнага дызайну, які ёсць у расійскіх мас-медыя. Пытанне правакацыйнай падачы туфты ў Расіі выдатна працуе. Менавіта так, каб гэта кранала сексуальныя цэнтры, цэнтры важнасці чалавека ў патоку нацыянальнага адзінства... Яно не тое што разумна, яно проста вельмі бессаромна. Атрымліваюцца вельмі выпуклыя гонза-героі, яны мімітычныя, і ўсё гэта нейкае загранічча. У нас быў толькі адзін чалавек такога маштабу — гэта Яўген Новікаў, які вёў "Погляд у Свет", абсалютна кісялёўскага размаху персанаж.

Еўрарадыё: Гэта сведчыць аб тым, што беларусы ўвогуле ж някепскія людзі ці, наадварот, сумныя?

Сяргей Пукст: Гэта таксама. Але ўся гэтая наша "някепскасць" збольшага звязана з пасіўнасцю. У нас на самой справе велізарны горад, Мінск, і не самая маленькая краіна. А на канцэрты ходзяць... Вось Міхалок прыязджаў у Шаблі, было дзве тысячы чалавек. І ён зрабіў абсалютна выразную рэч — скандал. І гэта выдатна. З нічога. На роўным месцы: ніхто нікому нічога не казаў, ніхто нічога не ведае, а ўсё здарылася незразумела чаму. Вось гэтых вось рухаў ніхто не робіць, у тым ліку я.

Еўрарадыё: Чаму ты іх не робіш?

Сяргей Пукст: Каго тут трэба аблажаць? Міхалка? Там Гуркоў (смяецца)! Я, вядома, трэніраваўся, але не столькі, тым больш у нас не было папярэдняй дамоўленасці. Хлястова? Я яго не бачу і не магу сабе ўявіць, што гэта такое. TonqiXod? Гэта выдатныя людзі, але з імі ў мяне ўжо было супрацоўніцтва.

Еўрарадыё: Як у табе ўжываюцца некалькі творчых свядомасцяў?

Сяргей Пукст: Яны ўжо не адрозніваюцца, гэта нешта адзінае, што выскоквае з мяне самымі нечаканымі праявамі. Я сам не ведаю, што будзе ў наступны момант.

Еўрарадыё: Калі глядзець на цябе — адзін, другі праекты, альбомы, — не скажаш, што беларуская музыка знаходзіцца ў стане застою.

Сяргей Пукст: Ну, па-першае, ёсць Жэня Бялоў, які мне вельмі дапамагае па музычнай лініі адносна Георгія Дабро і True Litwin Beat. Музыка ствараецца ім, і гэта дзівосная сітуацыя, таму што ўсё нельга паспець. Жэня — гэта мой поўны сааўтар. Што адбудзецца далей? Справа ў тым, што я музыку не люблю. Я засынаю літаральна праз пяць хвілін, калі чую музыку, дзе ў прынцыпе зразумела, што гэта такое. А часта становіцца зразумела. Таму трэба рабіць заўсёды нешта, што не дасць табе заснуць самому. Вось ты і робіш. Як ты гэта робіш — незразумела. Нізкі гэта ўзровень, высокі — гэта незразумела нават мне, паколькі ў нас іерархій, абсалютных велічынь няма. Таму трэба рабіць так, як яно з цябе вывальваецца, і ўсё. Ёсць самае агіднае беларускае пытанне "навошта?". Ды не навошта. Рабі проста і ўсё. У цябе жыццё праходзіць, пакуль ты ляжыш і жарэш чыпсы ля тэлевізара. У гэтым асноўная думка і ёсць. Рабі, каб рабіць, таму што грошай гэта не прынясе. Калі ты хочаш, каб гэта прыносіла грошы, — грошай не будзе. Нічога не будзе, калі ты будзеш займацца творчасцю, як табе здаецца. І гэта трэба ў асноўным толькі табе. Калі ты спецыяльна будзеш рабіць гэта для іншых, гэта будзеш не ты. Вось гэта першапачатковая ідэя майго існавання.

Еўрарадыё: Што табе тады прыносіць грошы?

Сяргей Пукст: Я за нешта жыву, але пакуль сказаць пра гэта афіцыйна не магу.

Еўрарадыё: Ці, магчыма, што грошы прынясе чарговы праект Георгія Дабро, які вырашыў заспяваць па-ангельску?

Сяргей Пукст: У бліжэйшы час выйдзе праект "Георгій Дабро international", над назвай думаем — павінна быць нешта прывабнае для замежнага слухача. На Георгія выйшлі людзі з Польшчы, замроілася клубная перспектыва, таму Георгій заспяваў на ангельскай, якую ён ведае. Плённай апынулася перапрацоўка старых хітоў Георгія, у прыватнасці, песня "Женщина моя" гучыць у сучаснай джазавай апрацоўцы, атрымліваецца амаль Бона. Георгій стаў больш заходнім, у яго цяпер больш лашчоны гук, падача, і ён цяпер зусім іншы чалавек, не той, якога мы ведаем. На рэлізе таксама будзе цалкам радыйная рускамоўная частка, якая робіцца больш фарматнай. У ёй праглядаюцца металічныя вочы Георгія, які робіцца той спажывецкай масай, якая нас акружае ў fm-эфіры. Гэта значыць, ён уліваецца ў яго. Гэта выразны, адкрыты, цынічны прадукт. ЕР будзе складацца з 4-х песень — думаю, што гэта той аб'ём, які сёння хоць неяк глытаецца слухачом.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі