Сяргею Далідовічу налічылі 3,2 тысячы рублёў падатку за грошы з краўдфандынгу
Лыжнік Сяргей Далідовіч павінен выплаціць падатак з грошай, сабраных праз краўдфандынг на яго падрыхтоўку да Алімпіяды. Усяго яму налічылі 3200 рублёў падатку.
“Падаў дэкларацыю аб даходах у падатковую, у тым ліку, з сумай, якую атрымаў з краўдфандынгу, — распавёў Далідовіч у эфіры Еўрарадыё. — І атрымалася, што з сабраных грошай мне налічылі каля 3200 рублёў падатку. З гэтых грошай у мяне засталося каля 10 тысяч рублёў, і я планую іх аддаць у дзіцячы дом. Таму я падаў заяву ў наш раённы выканаўчы камітэт, каб мяне ад гэтага падатку вызвалілі, і гэтыя грошы цалкам былі пералічаныя ў дзіцячы дом. Вось чакаю цяпер адказ. Але ў выканкаме гэтай прапановай зацікавіліся. Ці вызваляць мяне ад падатку, стане вядома толькі ў красавіку”.
Праз краўдфандынг Сяргей Далідовіч сабраў больш за 30 тысяч рублёў. Дзве траціны з іх ён патраціў, а 10 тысяч, што засталіся, вырашыў перадаць у Андрэеўскі дзіцячы дом пад Оршай. Праўда, калі падатак давядзецца выплаціць, то гэтая сума істотна зменшыцца. Таксама ў дзіцячы дом будуць перададзеныя сродкі, сабраныя на дабрачынным аўкцыёне ад продажу “фірмовага” алімпійскага тэлефона і акуляраў.
Поўная размова з Сяргеем Далідовічам: