Сёння на волю выйдзе фанат БАТЭ, асуджаны за падтрымку Еўрамайдана
Хлопца выклікалі ў сераду ў барысаўскую міліцыю і дахаты ён не вярнуўся. Закрыты суд прайшоў у чацвер.
Ён атрымаў 5 сутак арышту за правядзенне "несанкцыянаванай акцыі". Сёння ўвечары фаната павінны вызваліць. Як інфармуе сайт belultras.by, у Барысаве асуджаны яшчэ адзін фанат. Стала вядома, што ў дачыненні да 23 хлопцаў, якія зняліся з бел-чырвона-белым сцягам і банерамі ў падтрымку ўкраінскага Еўрамайдана, вынесеныя судовыя пастановы аб адміністрацыйным арышце.
Нагадаем, фота з'явілася ў інтэрнэце на мінулым тыдні. Неўзабаве праваахоўнікі пачалі высвятляць асобы фанатаў, твары якіх на здымку былі зарэтушаваныя. Таксама стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі выклікаюць на размовы прадстаўнікоў розных фанрухаў па усёй краіне.
Фота — belultras.by