Танкачова: Звярнуся ў гарадскі суд і паралельна буду рыхтавацца да пераезду

У аўторак, 13 студзеня, суд Першамайскага раёна Мінска не задаволіў скаргу праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне Першамайскага УУС аб яе высылцы з Беларусі. Яшчэ ў лістападзе міліцыя прадпісала Танкачовай цягам месяца пакінуць Беларусь і не прыязджаць тры гады з-за фактаў нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем, зафіксаваных відэакамерамі.

Нагадаем, Алена Танкачова — грамадзянка Расіі, але жыве ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут уласнае жыллё і працу, кіруе Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend. У снежні 2014-га скаргу праваабаронцы не задаволіў ГУУС Мінгарвыканкама. Цяпер праваабаронца збіраецца абскардзіць рашэнне суда, але паралельна рыхтуецца да пераезду. Пра гэта Алена Танкачова распавяла Еўрарадыё:

“Да ходу судовага працэсу ў мяне прэтэнзій няма. Ёсць прэтэнзіі да высновы суда. Я збіраюся абскардзіць такія высновы, на падачу касацыйнай скаргі ёсць 10 дзён. Буду чакаць разгляду. Але з прагматычнага боку — на сыходзе арсенал абскарджвання. Таму буду рыхтавацца да пераезду”.

Спярша праваабаронца плануе атрымаць расійскія дакументы. Пасля яна збіраецца пераязджаць, каб працягваць сваю працу, магчыма, — у Вільні.

Сем тысяч подпісаў, сабраныя грамадскімі актывістамі пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны, на рашэнне ўладаў не паўплывалі. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўладаў непрапарцыйнай і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з прафесійнай дзейнасцю праваабаронцы.

Чым магла перашкодзіць уладам праваабаронца Алена Танкачова?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі