Тэлеканал "Белсат" хоча запусціць рускамоўную перадачу
Беларускамоўны тэлеканал "Белсат" збіраецца адкрыць рускамоўную праграму, каб змагацца з прапагандай і знайсці дадатковае фінансаванне. Пра гэты намер паведаміў сайт Wirtualna Polska са спасылкай на дырэктарку тэлеканалу Агнешку Рамашэўску-Гузы.
Кіраўніца канала, які вяшчае з Польшчы за грошы польскага ўраду, патлумачыла, што мэта новага праекта — знайсці новых гледачоў і інвестараў, якія дапамогуць каналу працягваць дзейнасьць. Агнешка Рамашэўска звярнула ўвагу на тое, што большасць беларусаў размаўляюць між сабой па-руску, аднак тэлеканал не збіраецца займацца русіфікацыяй. "Мова — гэта адна з нямногіх рэчаў, якія адрозніваюць Беларусь ад Расіі", — цытуе Радыё "Свабода" кіраўніцу "Белсата". На яе думку, рускамоўная праграма тэлеканала магла б стаць пачаткам новага, большага праекту, накіраванага на гледачоў з цэлага рэгіёну.
СМІ звяртаюць увагу на тое, што "Белсат" мае праблемы пасля таго, як МЗС Польшчы заявіў пра змену ўмоваў фінансавання тэлеканала. Цяпер "Белсат" фінансуецца Польскай тэлевізіяй, але невядома, як доўга гэта будзе працягвацца.