Тэрэза Мэй папрасіла Еўрасаюз перанесці "брэкзіт" з 29 сакавіка на 30 чэрвеня
Тэрэза Мэй папрасіла Еўрасаюз перанесці "брэкзіт" з 29 сакавіка на 30 чэрвеня. Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі накіравала адпаведны ліст прэзідэнту Еўрасавета Дональду Туску, інфармуе "Бі-Бі-Сі".
Падчас выступу ў парламенце Мэй заявіла, што "як прэм'ер-міністр... не гатова адкладваць "брэкзіт" далей, чым да 30 чэрвеня". "Наступствамі доўгай адтэрміноўкі стануць бясконцыя гадзіны і дні, якія парламент будзе марнаваць на сузіранне пупавіны, якая злучае нас з Еўропай, замест таго, каб вырашаць праблемы, якія хвалююць нашых выбаршчыкаў", — адзначыла прэм'ер-міністр.
Відавочна, што прапанову перанесці тэрмін "брэксіта" ў Бруселі сустрэлі без энтузіязму. Еўракамісія апублікавала заяву, у якой адзначыла: перанос тэрмінаў выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза можа стварыць "сур'ёзныя юрыдычныя і палітычныя рызыкі". Яна перакананая, што Вялікабрытанія павінна выйсці з ЕС да выбараў у Еўрапарламент, прызначаных на 23-26 траўня.
Пытанне пераносу "брэкзіту" ўзнікла з-за таго, што парламент Вялікабрытаніі своечасова не паспеў завяршыць усе працэдуры (тыдзень таму не было падтрымана пагадненне па выхаду краіны з Еўрасаюза). Таму ён і дазволіў прэм'ер-міністру дамаўляцца з ЕС аб адтэрміноўцы.