Тэрміналы самаабслугоўвання з'явіліся ў мінскіх кінатэатрах
У мінскіх кінатэатрых з'явіліся першыя білетныя тэрміналы самаабслугоўвання. Пакуль што навіна ёсць у двух кінатэатрах — "Беларусь" і "Аўрора", паведамляюць "Мінск-Навіны".
На думку гендырэктара УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама Паўла Скалабана, навінка дапаможа пазбегнуць вялікіх чэргаў у касах і купіць квіткі больш хутка і камфортна. Калі праект апынецца паспяховым, то тэрміналы з'явяцца ва ўсіх сталічных кінатэатрах.
За першыя тры дні працы праз новыя тэрміналы набытыя каля 500 квіткоў. Апараты працуюць толькі з банкаўскімі карткамі, камісія пры гэтым з пакупніка не бярэцца. Каб набыць квіток, на экране тэрмінала трэба выбраць упадабаны фільм, час сеансу і месцы ў зале, а потым аплаціць. Тэрмінал раздрукуе квіток.
У выпадку паломкі ці адсутнасці чэку на экране апарата ёсць тэлефон службы тэхнічнай падтрымкі. Таксама першы час каля тэрміналаў будуць дзяжурыць супрацоўнікі, да якіх можна звярнуцца па дапамогу.