Тhe Toobes выступяць на галоўнай сцэне польскага “Вудстока”
Беларусы выйгралі фінал конкурсу Przystanek Woodstock і сыграюць на адной сцэне з Kaiser Chiefs і Эмірам Кустурыцам.
Мінскія рокеры The Toobes перамаглі ў фінале конкурсу найбуйнейшага польскага фэсту Przystanek Woodstock. Адпаведна, “Тубсы” выступяць на галоўнай сцэне фестывалю, які пройдзе 1-3 жніўня ў Костшыне-на-Одры на Захадзе Польшчы. Пра гэта гурт паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Паводле інфармацыі сайта конкурсу fabrykazespolow.pl, журы праслухала 750 дэма і альбомаў ад маладых гуртоў. У выніку адбору ў паўфінал конкурсу выйшлі 26 каманд. Выступ The Toobes у фінале конкурсу, пішуць польскія СМІ, у чарговы раз даказаў, што “рок жыве і адчувае сябе добра”.
“За ўдзел у конкурсе змагаліся сотні польскіх гуртоў. Літаральна ўсе, хто можа трымаць у руках гітару. Таму для нас вялікі гонар патрапіць у лік удзельнікаў фестывалю”, — каментуюць “Тубсы” сваю перамогу Еўрарадыё.
Сярод сёлетніх хэдлайнераў самага любімага фэсту палякаў — Emir Kusturica, Kaiser Chiefs, Gooral z zespołem Mazowsze, Leningrad і іншыя.