Топ-5: навіны 13 красавіка
Дварковіч назваў новую цану на расійскі газ для Беларусі
Беларусь і Расія канчаткова дамовіліся па нафце і газе. Выніковыя дакументы на беларуска-расійскіх перамовах у падмаскоўных Горках падпісалі віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка і міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак.
Цяпер кошт на расійскі газ для Беларусі складзе крыху “менш за 130 долараў” за тысячу кубаметраў. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Расіі Аркадзь Дварковіч. Акрамя таго, па словах чыноўніка, Беларусі нельга будзе рээкспартаваць расійскую нафту.
Увечары 12 красавіка па БТ паказалі прапагандысцкі фільм "Белы легіён чорных душ". Яго прысвяцілі "справе патрыётаў", якую вядзе КДБ супраць некалькіх дзясяткаў чалавек — пераважна сяброў арганізацыі "Белы легіён", распушчанай 10 гадоў таму.
У фільме праводзіліся паралелі паміж нацыстамі і "Белым легіёнам". Акрамя таго, аўтары фільма заявілі, што на 25 сакавіка ў Мінску быццам бы рыхтаваўся тэракт у натоўпе, які мусілі здзейсніць тэрарысты-смяротнікі з гэтай арганізацыі.
Адмыслова для Еўрарадыё фільм "Белы легіён чорных душ" прааналізаваў эксперт па бяспецы Андрэй Паротнікаў.
Праваахоўныя органы затрымалі аднаго з самых буйных бізнесоўцаў Беларусі Віталя Арбузава. Гэта адбылося ўвечары 12 красавіка. Саўладальніка холдынга FenoxGlobalGroup, у які ўваходзіць, напрыклад, сетка харчовых крамаў Preston, падазраюць у нявыплаце падаткаў на суму ў 100 млн рублёў.
Па справе бізнесоўца ў якасці падазраваных праходзіць 18 чалавек, 12 з іх ужо затрыманыя.
На салігорскім прадпрыемстве "Беларуськалій" амаль дзве гадзіны праходзіў стыхійны страйк. Мантажнікі адмовіліся выконваць сваю працу. Яны незадаволеныя зніжэннем заробкаў.
Па словах супрацоўніка прадпрыемства Сяргея Баброва, які ўдзельнічаў у сходзе, за год заробкі знізіліся ў два разы. Калі летась рабочыя зараблялі па 1400 рублёў, то сёлета — 710.
На сход рабочых прыбыў дырэктар мантажна-будаўнічага трэста Вячаслаў Курбыка. Ён заявіў пра тое, што няма такога падзення заробкаў, пра якое кажуць рабочыя. Па словах удзельнікаў сходу, ён пагражаў, што на іх месцы прыйдуць іншыя людзі, і тады ўсе застануцца без працы.
На Вялікдзень жыхарам Беларусі не варта чакаць добрага надвор’я. Сіноптыкі прагназуюць, што на свята ў нашай краіне пройдуць дажджы і будзе даволі холадна.
Па словах галоўнага сіноптыка Белгідрамета Святланы Рыбаковай, падобнае надвор’е ў нашай краіне будзе зацяжным.