Топ-5: навіны 2 лютага
Лукашэнка распавёў, хто ў Беларусі можа быць амбудсменам
Галоўным інспектарам па захаванні правоў чалавека ў Беларусі павінен быць кіраўнік дзяржавы. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, калі прыводзіў да прысягі суддзю Канстытуцыйнага суда Віктара Рабцава.
Падчас цырымоніі кіраўнік краіны згадаў, што ад Беларусі часта патрабуюць увесці пасаду амбудсмена па правах чалавека. Аднак, на думку кіраўніка краіны, рэальна з задачай аховы правоў чалавека у Беларусі можа справіцца толькі ён сам.
З панядзелка 6 лютага ў Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласцях Расіі на мяжы з Беларуссю ўводзіцца рэжым памежнай зоны. Адпаведны загад падпісаў кіраўнік ФСБ Расіі Аляксандр Бортнікаў. Прычым, правяраць дакументы будуць не толькі на аўтадарогах, але і ў цягніках.
Рашэнне Расіі ўвесці рэжым памежнай зоны на мяжы з Беларуссю — гэта тактычны крок у газавых перамовах, якія шосты месяц вядуць урады двух краін. Такім меркаваннем падзяліўся з Еўрарадыё расійскі палітолаг Кірыл Коктыш.
Ключавыя беларускія дзяржаўныя кампаніі зацікаўленыя ў выхадзе на Варшаўскую фондавую біржу. Пра гэта піша польская газета Rzeczpospolita. У артыкуле называюцца “Беларусбанк”, нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку, а таксама БелАЗ.
На дадзены момант улады Беларусі не пацвярджаюць назвы кампаній, якія ў хуткім часе могуць быць часткова прыватызаванымі, у тым ліку і палякамі, адзначае выданне.
Беларусь працягвае перамовы з Міжнародным валютным фондам па новай крэдытнай праграме. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч. Паводле яго слоў, кансультацыі з МВФ не спыняліся.
Чыноўнік кажа, што засталіся "некаторыя спецыфічныя моманты", якія працягваюць абмяркоўвацца экспертамі.
У чацвер Еўрапарламент ухваліў бязвізавы рэжым для Грузіі. "За" прагаласавала большасць парламентарыяў. Заўчасным такое рашэнне палічылі толькі дэпутаты ад Вялікабрытаніі і Нідэрландаў.
Прэм'ер-міністр Грузіі Георгій Квірыкашвілі назваў 2 лютага гістарычным днём для краіны. Перамовы ў справе адмены віз працягваліся амаль 5 гадоў.