Топ-5: навіны 26 траўня
Падпісаны ўказ пра новую сістэму відэаназірання за грамадскай бяспекай
У Беларусі створаць цэнтралізаваную сістэму відэаманіторынгу. Адпаведны ўказ у пятніцу падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Адзначаецца, што асноўнай задачай новай сістэмы стане назіранне за грамадскай бяспекай. Афіцыйна заяўляецца, што гэта робіцца, каб забяспечыць грамадскі парадак. Таксама плануецца стварыць відэаархіў, у якім можна будзе шукаць неабходную інфармацыю.
Сістэма відэаназірання будзе аўтаматычна інфармаваць дзяржаўныя органы пра любыя здарэнні. А каардынаваць усю працу будзе Міністэрства ўнутраных спраў.
82% школ будуць пачынаць заняткі ў 9:00. Пра гэтаў пятніцу заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Для гэтага новаўвядзення чыноўнікі нават перапісалі санітарныя нормы.
Ініцыятарам школьнай рэформы стаў Аляксандр Лукашэнка, які нядаўна заявіў, што яго сын не высыпаецца з-за таго, што ўрокі пачынаюцца а 8-й раніцы, і на першых занятках ён сядзіць сонны.
Тым часам, у пятніцу стала вядома, што Мікалай Лукашэнка рэзка змяніў сваё меркаванні. Па яго словах, не варта пераносіць пачатак урокаў на гадзіну пазней, бо гэта будзе нязручна.
У Мінску пасля 16 гадоў фактычнай забароны выступіў расійскі пісьменнік Віктар Шандаровіч. Сатырык больш за тры гадзіны чытаў са сцэны прозу і вершы, адказваў на пытанні і проста распавядаў гісторыі з уласнага жыцця. А публіка (у асноўным сталае пакаленне) праводзіла яго стоячы.
Праваахоўнікі Брэсцкай вобласці выявілі і закрылі так званую "групу смерці", якая існавала ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте".
Па словах аднаго з кіраўнікоў брэсцкай міліцыі Генадзя Вайтовіча, у гэтай групе былі зарэгістраваныя некалькі дзясяткаў удзельнікаў з усёй Беларусі, у тым ліку 35 чалавек з Брэстчыны. Гэта былі падлеткі 11-15 гадоў. Цяпер міліцыя высвятляе, ці былі выпадкі суіцыду сярод падпісчыкаў групы.
"Джазавыя вечары" ля Ратушы ў Мінску скончацца ўсебеларускім джэмам. Пра гэта Еўрарадыё распавёў рэжысёр сёлетніх "Джазавых вечароў" Андрэй Каліна.
Па яго словах, партнёры праекта выказалі пажаданне, каб сёлета на імпрэзе было як мага больш беларускіх музыкаў. Цягам канцэртаў усе яны сыграюць разам з замежнымі зоркамі. Некаторыя каманды ўжо знаёмыя мінчукам па выступах у сталічных кавярнях.