Трагедыя ў Кемераве: галоўнае
Што адбылося?
25 сакавіка каля 16:00 па мясцовым часе ў гандлёва-забаўляльным комплексе “Зімовая вішня” ў цэнтры Кемерава пачаўся пажар.
Па афіцыйных дадзеных, у ім загінулі 64 чалавекі (41 з іх — дзеці), яшчэ 67 чалавек пацярпелі. Лічбы яшчэ ўдакладняюцца: ратавальнікі дагэтуль не даследавалі ўсю тэрыторыю пажару.
Чаму так шмат ахвяр?
Мяркуецца, што пажар пачаўся з-за падпалу паралону на гульнявай пляцоўцы, альбо з-за няспраўнай праводкі. Крыніца ўзгарання знаходзілася на чацвёртым паверсе ГЦ, у зоне дзіцячага адпачынку. Праз гэта сярод ахвяр і зніклых без вестак шмат дзяцей.
Вялікую колькасць ахвяр тлумачаць хуткім распаўсюджаннем агню (пажар пачаўся ў батутным комплексе і хутка ахапіў фае побач з выхадам з мультыплекс-кінатэатраў, дзе ў гэты час ішлі дзіцячыя сеансы), таксічнасцю дыму (гарэлі гума, паралон і пластык) і нерабочай сістэмай абвяшчэння пра пажар, якую ахова ГЦ проста выключыла.
Ці парушаліся ў ГЦ “Зімовая вішня” правілы пажарнай бяспекі?
Пажарная сігналізацыя ў ГЦ не спрацавала. На другі дзень пасля трагедыі СК афіцыйна заявіў, што, атрымаўшы сігнал пра ўзгаранне, супрацоўнік аховы выключыў сістэму апавяшчэння наведвальнікаў.
Пажарныя выхады былі заблакаваныя. Задымленне памяшканняў адбывалася вельмі хутка. Людзям даводзілася скакаць з вокнаў, а пажар адбыўся на чацвёртым паверсе. Пажарны нагляд не правяраў ГЦ “Зімовая вішня”. Адносна яго дзейнічалі “наглядныя канікулы”.
Як адрэагавалі ўлады?
Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў выказалі спачуванні. Пуцін змяніў працоўны графік, наведаў месца трагедыі, усклаў кветкі да стыхійнага мемарыялу, быў у шпіталі, дзе лякуюцца пацярпелыя, аднак не сустрэўся ні з роднымі ахвяр, ні з удзельнікамі шматтысячнага мітынгу, які зладзілі жыхары Кемерава.
На другі дзень пасля трагедыі ў Расіі ўсё ж была абвешчаная нацыянальная жалоба. Да гэтага жалобу абвяшчалі асобныя рэгіёны і гарады (Кемераўская вобласць, Інгушэція, Прыморскі край, Бурація, Якутск, Бранская вобласць, Навасібірск).
Нацыянальнай жалобы патрабавалі лідар “Справядлівай Расіі” Сяргей Міронаў, апазіцыянер Сяргей Навальны і мадэль Наталля Вадзянава. Яна склала онлайн-петыцыю, якую падпісалі больш за 180 тысяч чалавек.
Як на трагедыю адрэагавалі ў Беларусі?
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў праверыць на бяспеку месцы масавага збору людзей у Беларусі і жорстка пакараць уладальнікаў будынкаў за сур’ёзныя хібы. Такія даручэнні атрымала не толькі МУС, але і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Кіраўнік краіны патлумачыў гэта тым, што праверка мусіць быць выкананая да 1 красавіка і МНС можа не паспець за такі кароткі час.
Беларусы нясуць кветкі да будынка расійскай амбасады ў Мінску.
Ці бяспечна знаходзіцца ў беларускіх гандлёва-забаўляльных цэнтрах?
МНС Беларусі атрымала загад праверыць усе гандлёва-забаўляльныя цэнтры. Вынікі праверкі вырашана апублікаваць у адкрытым доступе на сайце 112.by
Як ратавацца на пажары?
Першае правіла — выходзіць на вуліцу. Калі спрацавала сістэма апавяшчэння пра пажар, то гэта альбо а) памылковае спрацоўванне, альбо б) рэальны пажар. Эксперты ва ўсім свеце раяць, нават калі вы ўпэўненыя ў варыянце а), усё адно пакідаць памяшканне.
Дыхаць праз мокрую анучу. Большасць людзей на пажарах гіне ад атручэння прадуктамі гарэння. Мокрая ануча дазваляе адфільтраваць дым. Калі ў вас не аказалася вады, на анучу трэба пасікаць. Насамрэч, мача фільтруе дым і атрутныя рэчывы нават лепш за ваду. Важна расказаць гэта сваім дзецям. Абсіканая ануча — гэта не сорамна і не смешна, яна можа выратаваць жыццё.
Заўсёды, заходзячы ў памяшканне, прыкідваць, дзе бліжэйшы выхад. Трэніравацца і навучыць гульні “Дзе выхад” дзяцей. На кожным паверсе ёсць планы эвакуацыі, іх можна вывучыць загадзя. Звычайна, іх размяшчаюць каля ліфтаў і вялікіх лесвіц. Дарэчы, ліфтам карыстацца пры пажары нельга — ідзіце па лесвіцы.
Выхад з натоўпу. Трэба ісці толькі ў напрамку руху, не спыняючыся, нават калі родныя засталіся недзе ззаду. Вы сустрэнецеся, калі выйдзеце з памяшкання. Уважліва глядзець, ці няма наперадзе калон, раго і іншых перашкод, акуратна іх абыходзіць. Ісці, скрыжаваўшы рукі на грудзях і трымаючыся рукамі за плечы, каб дыхаць свабодна нават у выпадку цісканіны. Калі вы ўпалі, у вас ёсць 3 секунды на тое каб падняцца. Рабіце гэта любой цаной.