Трэці дзень вайны ў Кіеве: Рада вярнула Канстытуцыю 2004 года

21.43 "Правы сектар" патрабуе тэрміновай адстаўкі Януковіча і гатовы ўжо заўтра ісці на штурм.
 

20.44 Парубій: Кіеўскі гарнізон унутраных войскаў перайшоў на бок Майдана.

19.30 Вярхоўная Рада прагаласавала за закон, які дэкрыміналізуе артыкул Юліі Цімашэнкі.

19.00 Вярхоўная Рада Украіны адправіла ў адстаўку міністра унутраных спраў Віталя Захарчанку. Дэпутаты змаглі гэта зрабіць пасля вяртання Канстытуцыі 2004 года.

18.00 Народныя дэпутаты Украіны падтрымалі законапраект аб вяртанні да Канстытуцыі Украіны ў рэдакцыі 2004. За адпаведнае рашэнне прагаласавалі 386 народных дэпутатаў. Галасаванне адбывалася па працэдуры Ad hoc без абмеркавання і без рашэнняў камітэтаў. Згодна з гэтай Канстытуцыяй, прэм'ер-міністр Украіны, міністр абароны, міністр замежных спраў, старшыня СБУ, прызначаецца Вярхоўнай Радай Украіны.
Прэзідэнт Украіны, у сваю чаргу, уносіць у ВР кандыдатуру на пасаду прэм'ер-міністра па прапанове кааліцыі дэпутацкіх фракцый парламента.

17.30 Пагадненне аб урэгуляванні крызіса падпісанае ў Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле пагаднення, на парцягу бліжэйшых 10-ці дзён будзе сфармаваны кааліцыйны урад.

16.40 Праваахоўнікі знялі кардоны вакол Адміністрацыі Прэзідэнта, перадае карэспандэнт РБК-Украіна. Праваахоўнікі пагрузіліся ў 30 аўтобусаў і з'язджаюць па Лютэранскай. Доступ да будынка АП вольны. Пры гэтым з боку вуліцы Інстытуцкай застаўся кардон міліцыі ў колькасці 20 міліцыянтаў. Такія дзеянні, па іх словах, выконваюцца згодна з прынятым учора закону аб адклiканнi воінскіх фарміраванняў з цэнтра Кіева.

15.40. Перад будынкам Рады не засталося ніводнага міліцэйскага аўтобуса - міліцыянты з'ехалі, кінуўшы амуніцыю і нават вадамёты.

15.05 Міліцэйскія аўтобусы масава з'язджаюць з урадавага кварталу, паведамляе "Громадске.тв". На прамой трансляцыі канала бачна, як шэраг белых "Пазікаў" ад'язджае ў невядомым накірунку.

"Беркут" ля Вярхоўнай Рады, фота "Украінская праўда".

 

14.40 ДАІ зняла ўсе абмежаванні на ўезд у Кіеў. Пра гэта паведамляе ЛІГАБізнесІнформ са спасылкай на Дэпартамент ДАІ МУС Украіны.

14.15 У гасцініцы "Украіна" на Майдане незалежнасці ў Кіеве затрымалі снайпера, які мог страляць ва ўдзельнікаў антыўрадавых дэманстрацый. Пра гэта паведамляе рэпарцёр польскага TVP Info Яцэк Гасінскі: "Падобна на тое, што ён быў зарэгістраваны ў гатэлі". Мітынгоўцы абшуквалі гатэль цэлую ноч.

14.00 Віктар Януковіч звярнуўся з заявай да грамадзян. Яе тэкст змешчаны на афіцыйным сайце. Абяцае вярнуць Канстытуцыю 2004 года, правесці прэзідэнцкія выбары ў канцы 2014 года і яшчэ тое-сёе.

"Паважаныя суграмадзяне! У гэтыя трагічныя дні, калі Украіна панесла такія цяжкія страты, калі загінулі людзі па абодва бакі барыкад, лічу сваім абавязкам перад светлай памяццю загінуўшых заявіць - нічога няма больш важнага над чалавечае жыццё. І няма такіх крокаў, якія б мы ўсе разам не павінны былі зрабіць, каб аднавіць мір у Украіне. Я абвяшчаю пра крокі, якія трэба зрабіць, каб аднавіць спакой і пазбегнуць наступных ахвяр супрацьстаяння.

Заяўляю аб тым, што я ініцыюю датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Я ініцыюю таксама вяртанне да Канстытуцыі 2004 года з пераразмеркаваннем паўнамоцтваў у бок парламенцкай рэспублікі. Заклікаю да пачатку працэдуры фарміравання ўрада нацыянальнага даверу.
Як Прэзідэнт Украіны і гарант Канстытуцыі я выконваю сёння свой доўг перад народам, перад Украінай і перад Госпадам Богам у імя захавання дзяржавы, у імя захавання жыцця людзей, у імя міру і спакою на нашай зямлі".
 

13.45 Львоўскія міліцыянты на Майдане заяўляюць, што гатовыя даць адпор, калі ў бок людзей будзе хоць адзін стрэл, перадае УНІАН. У Кіеў яны прыехалі са зброяй.

13.30 У Радзе тым часам таксама ідуць бойкі.

13.15 Штаб нацыянальнага супраціву заяўляе, што ўсе афіцэры і радавыя ўнутраных войскаў, якія раней былі затрыманыя актывістамі, перададзеныя прадстаўнікам улады або адпраўленыя дадому да бацькоў.

12.15 Ад Майдана да Вярхоўнай Рады рушыла калона пратэстуючых. Са сцэны патрабуюць, каб датэрміновыя прэзідэнцкія выбары прайшлі не ў снежні, а на працягу трох бліжэйшых месяцаў.

12.10 На Майдан падцягваюцца людзі. З заходніх рэгіёнаў Украіны масава прыязджаюць людзі, у тым ліку міліцыянты, якія перайшлі на бок пратэстоўцаў. 60 міліцыянтаў з горада Сокаль Львоўскай вобласці прыехалі са зброяй.

12.00 Сілавікі выйшлі з будынка Вярхоўнай Рады.

11.40 У Вярхоўную Раду ўвайшлі аўтаматчыкі. Каля Майдана ізноў стральба. МУС абвінаваціла пратэстоўцаў у парушэнні перамір'я.

11.30 "Украінская праўда" апублікавала некаторыя дэталі пагаднення паміж апазіцыяй і Януковічам: "Праект пагаднення па ўрэгуляванні крызісу прадугледжвае абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта Януковіча шляхам вяртання Канстытуцыі 2004 года на працягу 48 гадзінаў. Таксама дамоўленасці прадугледжваюць фарміраванне кааліцыйнага ўрада. Януковіч, па словах крыніцы, пагадзіўся на правядзенне датэрміновых выбараў прэзідэнта ў снежні 2014".

11.10 Спікер Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Рыбак адкрыў ранішняе пасяджэнне парламента. У сесійнай зале зарэгістраваныя 360 народных дэпутатаў. Спікер падпісаў учорашнюю пастанову аб недапушчэнні пачатку контртэрарыстычнай аперацыі. Паседжанне Рады пачалося з хвіліны маўчання ў памяць аб загінулых.

10.20 Колькасць загінулых падчас сутычак праваахоўнікаў павялічылася да 16 чалавек. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў. 130 работнікаў органаў унутраных спраў дастаўленыя ў бальніцы з агнястрэльнымі раненнямі. Усяго з 18 лютага па медыцынскую дапамогу звярнуліся 565 работнікаў органаў унутраных спраў, з іх 410 былі шпіталізаваныя.

10.00 ЗША тым часам выступаюць супраць адстаўкі Віктара Януковіча. Такое меркаванне выказаў амбасадар ЗША ва Украіне Джэфры Пайет 20 лютага ў інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу CNN.

9.50 На афіцыйным сайце Януковіча з'явілася паведамленне: "Завяршыліся перамовы па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў дзяржаве пры ўдзеле прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, лідараў апазіцыі, прадстаўнікоў Еўрапейскага Саюза і Расійскай Федэрацыі. Бакі дамовіліся аб падпісанні Пагаднення па ўрэгуляванні крызісу. Падпісанне дакумента чакаецца ў 12.00 у Адміністрацыі Прэзідэнта Украіны (а 13-ай па беларускім часе).

Агляд падзей 20 лютага можна пабачыць у онлайне Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі