Тры кляўзы за “Жыве Беларусь!”: дацэнта з 23-гадовым стажам “папрасілі” з БДУ
“Думаю, мяне вырашылі звольніць, бо мая грамадзянская пазіцыя ўсім вядомая. Я яе асабліва не хаваю, — распавядае Еўрарадыё дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук механіка-матэматычнага факультэта БДУ Аляксандр Радына. — З вынікамі прэзідэнцкіх выбараў не згодны, гвалт асуджаю".
Ужо праз месяц выкладчык з 23-гадовым стажам вымушаны будзе пакінуць сцены альма-матар. Афіцыйная падстава — заканчэнне кантракта.
“Апошні раз мяне абіралі выкладаць на пяць гадоў, але ў кантракце чамусьці напісалі, што на два. І вось тэрмін падыходзіць да заканчэння. Кантракт не працягваюць. Я пытаюся чаму, але ніхто не тлумачыць”, — апісвае сітуацыю выкладчык.
10 лютага Аляксандра Радыну выклікалі на размову, якую той на ўсялякі выпадак запісаў на дыктафон. У кабінеце прысутнічалі намеснік дэкана па вучэбнай і выхаваўчай рабоце мехмата БДУ Валерый Курсаў, а таксама дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Уладзімір Махнач. Апошні запэўніваў, што, знаходзячыся ў кабінеце, чуў, як на калідоры нехта мужчынскім голасам павітаў студэнтаў лозунгам “Жыве Беларусь!” і нібыта яму адказалі “Жыве!”. Ён вырашыў, што гэта быў Аляксандр Радына і яго студэнты.
“Гэтага не было”, — адрэзаў дацэнт. На тым і разышліся.
“Пасля на мяне напісалі тры кляўзы з тым жа сэнсам, — працягвае суразмоўца. — Дзве з іх — Уладзімір Махнач, з якім я асабліва не камунікаваў раней, яшчэ адну — вядучая спецыялістка па забеспячэнні навучальнага працэсу геафака Валянціна Біндзюкевіч. Я нават не ведаў, як яна выглядае. Тады мяне папрасілі напісаць тлумачальную запіску. Я пазначыў у ёй тое самае, што адказаў намесніку дэкана: гэтага не было”.
Аляксандр Радына кажа, што не ведае, навошта калегам на яго нагаворваць. Абмяркоўваць гэта з імі жадання ў яго таксама няма.
Еўрарадыё звязалася з дэканатам мехмата, алё там расказваць нічога не сталі — адправілі нас у прэс-службу БДУ. Тое самае зрабіў і дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Дзмітрый Курловіч, на імя якога Махнач нібыта і напісаў адну з папер. Паразмаўляць з прадстаўнікамі прэс-службы БДУ ў Еўрарадыё не атрымалася.
Падчас і пасля пратэстаў Аляксандр Радына падтрымліваў студэнтаў БДУ. Калі была магчымасць, хадзіў на суды, нават да тых, у каго не выкладаў. Ён кажа, што вельмі турбаваўся, адчуваючы несправядлівасць.
Калі студэнты даведаліся, што выкладчык можа сысці, яны сталі абмяркоўваць, як яму дапамагчы. Дацэнт лічыць, што хадзіць да кіраўніцтва ці пісаць нейкія лісты бессэнсоўна. Як і спрабаваць знайсці працу ў дзяржаўных ВНУ Беларусі.
“Трэба ці шукаць нешта прыватнае на радзіме, ці займацца сваёй справай, але ўжо за мяжой”, — мяркуе ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.