“Тусал” усё яшчэ прадаецца без рэцэпту

Даведацца пра тое, за ўвоз якіх лекаў ў Расію можна трапіць за краты, аказалася вельмі цяжка

Днямі міністр аховы здароўя Беларусі накіраваў тэлеграму ва ўсе аптэкі нашай краіны з патрабаваннем адпускаць лекі “Тусал” толькі па рэцэпце. Асаблівую ўвагу звярнулі менавіта на гэты прэпарат, бо за прывоз яго на продаж у Расію двое нашых землякоў атрымалі 14 гадоў зняволення. У ягоным складзе знаходзіцца наркатычнае рэчыва - дэкстраметарфан. Якія ж меры збіраецца прымаць беларускі бок, распавядае начальнік фармацэўтычнай інспекцыі Міністэрства аховы здароўя Людміла Рэўцкая:

Рэўцкая: Паводле міжнароднай канвенцыі “Тусал” не з’яўляецца забароненым прэпаратам. І мы мусім забяспечыць яго для выкарыстання з медыкаментознымі мэтамі. Я думаю, што пасля таго як міністр звярнуўся да ўсіх суб’ектаў гаспадарання, ніхто не наважыцца прадаць яго без рэцэпту.

Аднак інспектар памыляецца. Сёння няма праблемаў набыць “Тусал”, а тым больш яго аналагі (якія таксама маюць ў сваім складзе наркотык) у аптэках Мінску. Без рэцэпта прадаюць яго і ў Баранавічах, дзе асуджаныя ў Расіі хлопцы і набылі фатальныя лекі.

Супрацоўнік баранавіцкай аптэкі: Пакуль яго можна набыць без рэцэпту. Ён каштуе 3400 беларускіх рублёў.

Міністэрства аховы здароўя нашай краіны зрабіла запыт, ці былі выпадкі ўжывання “Тусалу” як наркотыку, і атрымала пакуль вусны адказ, што не. Тое ж самае паведаміў Еўрарадыё намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Алег Слепчанка.

Слепчанка: Псіхатропнага рэчыва ў “Тусале” вельмі няшмат, таму сярод нашых наркаманаў ён папулярнасцю не карыстаецца. Мы не фіксавалі выпадкі ўжывання “Тусалу” як псіхатропа.

Тым не менш у беларускім Інтэрнэце дастаткова форумаў, дзе абмяркоўваюць і дзеляцца спосабамі прыгатавання наркотыка з “Тусалу”.

Да таго ж, менавіта праз Інтэрнэт і была замоўленая для расійскай аптэкі партыя лекаў, якую за грошы мусілі прывезці баранавіцкія хлопцы Аляксандр Чачураў і Сяргей Лагун. Сёння іхны адвакат Станіслаў Маркелаў падае касацыю і апеляцыю пра адмену прысуду, бо лічыць рашэнне маскоўскага суда занадта жорсткім.

Спадар Маркелаў звярнуўся да афіцыйнага беларускага боку, бо мяркуе, што дзяржава мусіць абараняць сваіх грамадзянаў, калі тыя не здзейснілі ніякага злачынства паводле нацыянальнага заканадаўства.

Маркелаў: Няма нават ніякіх дакументальных сведчаннняў, што “Тусал” з’яўляецца забароненым у Расіі. Гэта польскі прэпарат, таму ў нас яго няма.

З прычыны таго, што паміж Расіяй і Беларуссю не існуе мяжы і мытнага пункта, даведацца аб тых леках і рэчывах, што нельга ўвозіць на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, цяжка.

Наркотык дэкстраметарфан, напрыклад, утрымліваецца не толькі ў “Тусале”, але і “Эпідэксе”, “Флюдзісофце”.

Еўрарадыё знайшло пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, якія падлягаюць кантролю ў Расійскай Федэрацыі.

Фота: www.photosight.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі