"Ты толькі прыедзь дадому — і нічога не пішы": як пагражалі Крысціне Ціманоўскай
"Ты толькі прыедзь дадому — і нічога не пішы". У тэлеграме апублікаваны аўдыязапіс, як беларускую бягуху Крысціну Ціманоўскую запужваюць (і даводзяць да слёз) спартовыя чыноўнікі. Верагодна — удзельнікі беларускай дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях у Токіа.
З дзяўчынай размаўляюць двое. Адзін хутка сыходзіць. Але перад тым не забывае нагадаць, каб яна вярнула сутачныя за дні, якія не прабудзе на Алімпіядзе. Размова адбываецца незадоўга да таго, як бягуху адлічаць са зборнай і паспрабуюць пасадзіць на самалёт да Стамбула.
Удзень Ціманоўская распавядала Еўрарадыё, што ніякіх прэтэнзій да яе за крытыку чыноўнікаў прадстаўнікі беларускай дэлегацыі на Алімпіядзе ў Токіа не агучвалі. Маўляў, ёй проста загадалі збіраць рэчы. Крыху пазней яна дадала, што мае запіс з пагрозамі ў свой бок. Але не хоча публікаваць яго, пакуль не знаходзіцца ў бяспецы.
Вось тры самыя жорсткія цытаты з запісу на думку Еўрарадыё. Яны яскрава дэманструюць, пад якім ціскам апынулася атлетка:
"Шчыра, Крысціна, ты проста не разумееш сур'ёзнасці гэтага моманту. Вы маладыя проста, глупыя..."
"Вось так людзі суіцыдам сканчаюць, на жаль. "Вось ты мусіш некаму нешта даказаць: выпрыгні з балкона".
"Давай я зараз пайду да Даўгалёва. Мы прыгожа здымемся па траўме. І ты спакойна паедзеш дадому. Я табе галаву на адсячэнне даю: з табой усё будзе нармальна. Сваімі дзецьмі клянуся. Мы загладзім гэты інцыдэнт. Такая воля сёння, трэба змірыцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.