"Якая палітыка, такі і спорт": эксперты пра выгнанне Ціманоўскай з Алімпіяды

Аляксандр Фрыдман, Уладзімір Мацкевіч, Крысціна Ціманоўская, Валерый Карбалевіч, Арцём Шрайбман / Еўрарадыё
Аляксандр Фрыдман, Уладзімір Мацкевіч, Крысціна Ціманоўская, Валерый Карбалевіч, Арцём Шрайбман / Еўрарадыё

"Сённяшні дзень, безумоўна, увойдзе ў гісторыю спорту ў Беларусі (і не толькі спорту)", — піша ў сваім тэлеграм-канале 1 жніўня гісторык і доктар Аляксандр Фрыдман.

"Крысціну Ціманоўскую спрабавалі адправіць з Алімпіяды ў Токіа ў Мінск без яе згоды за крытыку кіраўніцтва беларускай лёгкаатлетычнай зборнай. У адказ яна ўчыніла скандал. Якія высновы тут можна зрабіць?" — задаецца пытаннем палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч.

"Кейс з атлеткай Крысцінай Ціманоўскай — наглядная ілюстрацыя, як бюракратычная сістэма, якая ўвесь год пазбаўлялася ад звычкі самакантролю, унутраных стрымак і рэшткаў цярпімасці да крытыкі, робіць з абсалютна нязначнага эпізоду міжнародны скандал", — лічыць яго калега палітолаг Арцём Шрайбман.

"Цяпер бессэнсоўна высвятляць, хто мае рацыю — рэжым або грамадства. Пытанне стаіць інакш: хто пры сваім розуме, а хто вар'ят", — перакананы філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Гісторыя выгнання з Алімпіяды беларускай бягухі Крысціны Ціманоўскай, яе крытыка на адрас спартыўных чыноўнікаў і іх рэакцыя на гэта скаланулі ўвесь свет. У аэрапорт, адкуль спартсменку ледзь сілай не адправілі на Радзіму, прыязджае японская паліцыя. Пазней Ціманоўская паведамляе, што яна ў бяспецы, прадстаўнікі беларускай дыяспары гатовыя даць дзяўчыне жыллё, пазней з'яўляецца інфармацыя, што спартсменка можа папрасіць палітычнага прытулку ў Чэхіі і Польшчы.

Што прымушае цікавіцца сітуацыяй у Беларусі сёння нават жыхароў такой, здавалася б, далёкай ад нас Японіі?

“Какая политика, такой и спорт”: эксперты об изгнании Тимановской с Олимпиады
Аляксандр Фрыдман / abdziralovic.by

Пра Ціманоўскую сёння ўжо піша ўся сусветная прэса

Аляксандр Фрыдман:   

— Верны рэжыму "ўзорны атлет" Максім Недасекаў заваяваў бронзавы медаль на Алімпійскіх гульнях, а яго калезе Крысціне Ціманоўскай удалося выслізнуць з лап спартыўных чыноўнікаў-дылетантаў і прадухіліць ад'езд у Беларусь.

Медаль Недасекава, безумоўна, парадавала сям'ю Лукашэнкі і яе прыхільнікаў, але застанецца (нягледзячы на ўсе патугі прапагандыстаў) малазначнай падзеяй, якую ў будучыні будуць успамінаць (калі наогул будуць) толькі ў кантэксце гісторыі Ціманоўскай. Сам Недасекаў зноў дыскрэдытаваў сябе, падтрымаўшы публічна акцыю супраць Ціманоўскай.

Пра Ціманоўскую сёння ўжо піша ўся сусветная прэса, а скандал толькі закручваецца: хоць лёгкаатлетка і не набыла спартыўных лаўраў у Токіа, але менавіта яна раптоўна стала адной з ключавых фігур Алімпійскіх гульняў у Токіа і самай вядомай беларускай спартсменкай на планеце. У вачах заходняй грамадскасці яна і зусім набыла культавы статус.

Беларускія прапагандысты любяць паўтараць, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай. Але сённяшнія падзеі чарговы раз паказалі абсурднасць гэтых заяў. Спорту па-за палітыкай не бывае: якая палітыка, такі і спорт.

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка ў нядзелі здзяйсняе фатальныя памылкі: так было 9 жніўня 2020-га, калі рэжым вырашыў намаляваць Лукашэнку 80% галасоў, а потым брутальна здушыць пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў; так было 23 траўня 2021-га, калі ў Мінску быў пасаджаны самалёт Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, які каштаваў Беларусі новых санкцый і міжнароднай ізаляцыі; так было і сёння, калі з пачуцця помсты вырашылі тэрмінова вярнуць у Беларусь апальную Крысціну Ціманоўскую, паставіўшы пад пытанне далейшы ўдзел беларускай дэлегацыі ў Алімпіядзе. Не здзіўлюся, калі і кіраванне Лукашэнкі скончыцца менавіта ў адну з нядзель.

“Какая политика, такой и спорт”: эксперты об изгнании Тимановской с Олимпиады
Арцём Шрайбман / Еўрарадыё

Ціманоўская — антыгерой усіх выпускаў навін дзяржТБ

(Зноў жа, падазронае прозвішча...)

Арцём Шрайбман:

— Замежныя журналісты часта пытаюцца, ну чаго было нарывацца на сектаральныя санкцыі дзеля арышту Пратасевіча або чаго было маляваць менавіта 80% год таму?

А няма чаго, сістэма не так працуе, яна не прымае рашэнняў, узважваючы ўсе рызыкі. Стымулы настроены інакш — гасіць любой цаной тое, што можа выклікаць гнеў Першага, а калі гнеў выкліканы — гасіць з падвоенай сілай.

Цалкам упэўнены, што ўсё развівалася па такой схеме. Ціманоўская публікуе відэа з крытыкай спартыўных бюракратаў, якія аблажаліся з допінг-пробамі іншых спартсменак і прымушаюць яе бегчы замест іх. Відэа падхопліваюць ТГ-каналы.

Тэлевізар працуе ў рэжыме "мачыць усё", што падхопліваюць ТГ-каналы, у выніку Ціманоўская — антыгерой усіх выпускаў навін дзяржТБ. Лукашэнка глядзіць тэлевізар і абураецца: мы ж далі ёй усё, трэніравалі за наш кошт, а яна піярыцца і посціцца. Лукашэнка тэлефануе і патрабуе зняць Ціманоўскую з Гульняў і першым жа рэйсам адправіць у краіну.

Спартыўныя чыноўнікі імчацца выконваць указанне, але інфармацыя прасочваецца. Яны выдумляюць версію пра агляд лекара і нестабільны эмацыйны стан бягухі. Яна абвяргае, што лекары яе нават не аглядалі. Сусветныя СМІ падхопліваюць і робяць з гісторыі скандал, які цалкам можа абярнуцца для Беларусі вылетам з МАК або іншымі спартыўнымі санкцыямі.

Гатовы пайсці ў заклад, калі так здарыцца, наступная стадыя — размовы пра падрыхтаваную правакацыю і купленую загадзя Ціманоўскую. Зноў жа, падазронае прозвішча. І ўсё гэта як частка гібрыднай вайны пасля таго, як бліцкрыг не ўдаўся. А ўсё, каб Польшчы адышла Гродзенская вобласць. Або цяпер Японіі — Гомельская?

Але калі сур'ёзна, гэта гісторыя не толькі пра механізмы работы нашай дзяржавы, але і пра рэпутацыю. Калі б спартыўныя чыноўнікі любой іншай краіны, акрамя Беларусі і, напэўна, КНДР, вырашылі давезці да аэрапорта спартсмена, знятага з Гульняў за рознагалоссі са сваім начальствам, ніхто б нават не звярнуў увагі. А ў нашым выпадку ўсім нават у далёкай Японіі ясна, што можа пагражаць Ціманоўскай у краіне-донару еўрапейскай бяспекі.

“Какая политика, такой и спорт”: эксперты об изгнании Тимановской с Олимпиады
Валерый Карбалевіч / Еўрарадыё

Чым больш Лукашэнка ўмешваецца ў спорт, тым больш шкоды

Валерый Карбалевіч:

— Скандал у Токіа… Якія высновы тут можна зрабіць?

Самастрэлы беларускіх уладаў становяцца рэгулярнымі, яны пастаўлены на паток. Сістэма проста запраграмаваная на іх.

У краіне сфармаваная атмасфера, у якой любая крытыка начальства, нават кіраўніцтва зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы, лічыцца замахам на ўладу.

Усе грамадзяне абавязаны беспярэчна выконваць любыя загады зверху. Людзей прыраўноўваюць да жаўнераў, якіх можна прымушаць выконваць любыя заданні. У нашым выпадку спартоўцаў абавязалі выступаць у іншай дысцыпліне, і пярэчанні ўспрымаюцца як здрада. За гэта чалавека дома чакае пакаранне. Гэта ўжо нешта з паўночнакарэйскага досведу.

Любы канфлікт у сённяшняй Беларусі адразу набывае палітычны характар, пра што сведчаць каментары беларускай дзяржаўнай тэлевізіі з гэтай нагоды.

Наўрад ці ідэя экстраннай высылкі спартоўкі, якая ўзбунтавалася, — ініцыятыва кіраўніцтва зборнай Беларусі на Алімпіядзе. Калі скандал набыў палітычны характар, то, значыць, рашэнне прымалася на палітычным узроўні. Атрымоўваецца, што чым больш Лукашэнка ўмешваецца ў спорт, тым больш шкоды. Адразу згадваецца гісторыя з візітам у Мінск прэзідэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакея Рэнэ Фазэля і адмена правядзення чэмпіянату свету па хакеі.

“Какая политика, такой и спорт”: эксперты об изгнании Тимановской с Олимпиады
Уладзімір Мацкевіч / Еўрарадыё

Канфлікт у краіне — гэта паўстанне ў дурдоме

Уладзімір Мацкевіч:

— Крысціна Ціманоўская як люстэрка псіхічнага стану людзей у сітуацыі палітычнага крызісу... Яна крытычна выказалася ў дачыненні да валюнтарызму і некампетэнтнасці чынуш з НАК. Але гэтыя чынушы — гасударавы людзі. Значыць, крытыка на іх адрас — гэта экстрэмізм і здрада дзяржаве. Яны так гэта бачаць. А далей — "логіка".

Хто ж пры сваім розуме можа пайсці на здраду на Гульнях, калі спорт па-за палітыкай?

Ніхто. Значыць, трэба праверыць псіха-эмацыйны стан спартсменкі.

Хто праверыць? Ясная рэч — лекары і псіхолагі НАК.

Але яны таксама гасударавы людзі. Іх дыягназ просты — звар'яцела дзяўчына. Патрэбна тэрміновая дэпартацыя са шпіталізацыяй.

Але Крысціна здаровая. Яна не згодная.

Умешваецца японская паліцыя. У іх слушнае падазрэнне: гвалтоўны вываз з краіны чалавека насуперак яго жаданню — злачынства.

Міжнародны скандал. А гэта падстава для тэлерэпарцёраў. У аэрапорт маментальна выязджае журналісцкі спецназ.

Але гэтага ўсяго недастаткова.

Я б прыцягнуў японскіх лекараў і псіхолагаў на прадмет праверкі псіха-эмацыйнага стану чыноўнікаў НАК. Ёсць падазрэнне, што яны не пры сваім розуме. Іх воля заглушаная, і страх перашкаджае разумовай дзейнасці.

Яны не адказваюць за свае ўчынкі. Зблыталі спорт і рабскую сервільнасць.

Наогул, рабы — гэта гаваркія прылады. Яны не здольныя адказваць за свае дзеянні, не здольныя да высноў. Могуць толькі выконваць простыя каманды, як дрэсіраваныя жывёлы. Для развязання супярэчнасцяў паміж рэжымам і грамадствам трэба прыцягваць не палітычных экспертаў, не юрыстаў, не трацейскі суд міжнародных арганізацый, а псіхіятраў.

І канфлікт у краіне — гэта паўстанне ў дурдоме. Усё будзе вызначацца тым, хто завалодае белым халатам. Здаровыя людзі ці вар'яты.

Пакуль халат на вар'ятах. Але гэта маё выключна асабістае меркаванне. Я хоць і псіхолаг па дыпломе, але інжынерны, а не клінічны. Дый закінуў псіхалогію яшчэ ў 80-х, да таго, як яна ўвайшла ў моду і дыпломы сталі выдаваць усім каму хочацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі