Лёгкаатлетка Ціманоўская кажа, што былы муж вінен ёй 33 000 долараў
Арсень Зданевіч
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая цяпер выступае за Польшчу, кажа, што былы муж Арсень Зданевіч завінаваціўся ёй 33 тысячы долараў. Такую суму яна назвала ў каментары "Трыбуне".
Як паведамлялася раней, Зданевіч заняўся бізнесам па перагонцы ўжываных аўтамабіляў з ЗША.
"Я дала яму сваіх 30 тысяч долараў. Мы замовілі дзве машыны яшчэ летась, калі ён толькі заняўся бізнесам. Гэта быў перыяд, калі я з'ехала на чэмпіянат свету (і там даведалася пра чарговую здраду) і загаварыла пра развод. Да майго вяртання ён гэтыя дзве ўжо дастаўленыя машыны перапісаў на сяброў. Можна сказаць, ён скраў у мяне дзве машыны на 30 тысяч долараў", — заяўляе бягуха. Яна дадае, што аўтамабілі першапачаткова не былі зарэгістраваныя ні на яе, ні на мужа, таму яна нічога не змагла даказаць.
Пасля таго Ціманоўская яшчэ раз пазычыла грошы Зданевічу, але цяпер пад распіску — тры тысячы долараў. Але і іх ён, паводле яе словаў, не вярнуў.
"Мы абмяркоўвалі падзел маёмасці праз суд. Але як толькі я пакінула кватэру, усе нашы дамоўленасці абнуліліся. У тым ліку падзел маёмасці і вяртанне гэтага доўгу ў тры тысячы, хоць і была распіска. Ён рабіў выгляд, што мы разыходзімся як адэкватныя людзі, якія ўсё падзеляць, а ў выніку проста кінуў", — заяўляе спартоўка.
Таксама "Трыбуна" піша, што на Зданевіча плануюць падаць у суд некалькі былых яго кліентаў. Паведамляецца, быццам мужчына ўзяў грошы за перагон аўто з Штатаў, размытнёўку і самі машыны, а потым знік, выдаліўшы ўсе перапіскі ў сацсетках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.