У 2012 годзе беларускія пашпарты атрымалі 4020 замежных грамадзян

Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС. Самая частая прычына атрымання беларускага грамадзянства замежнікамі — пражыванне ў Беларусі на працягу сямі гадоў. У 2012 годзе беларускія пашпарты такім чынам займелі 1780 чалавек.



Акрамя гэтага, 1334 чалавекі летась сталі грамадзянамі Беларусі згодна з 15-м артыкулам закона “Аб грамадзянстве”. Паводле яго, на беларускі пашпарт можа прэтэндаваць любая асоба, якой споўнілася 18 гадоў падчас пражывання ў нашай краіне, а таксама блізкія сваякі грамадзян нашай краіны.



Іншыя выпадкі атрымання беларускага грамадзянства, як правіла, звязаныя з міжнароднымі дамовамі Беларусі, заключанымі з Расіяй, Украінай, Казахстанам і Кыргызстанам. Згодна з імі, грамадзяне гэтых краін могуць атрымаць беларускія пашпарты па спрошчанай працэдуры.



Нагадаем таксама, што з 2002 года стаць грамадзянінам краіны можна за “асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь”. Рашэнне аб наданні грамадзянства той альбо іншай асобе (як і аб пазбаўленні грамадзянства) прымае асабіста кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.



Фота — gorka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі