У 2014 колькасць загінулых у авіякатастрофах павялічылася на 739 чалавек

У ноч на 8 сакавіка 2014 года знік малайзійскі самалёт Boeing-777, які выконваў рэйс MH370 па маршруце Куала-Лумпур — Пекін. Яго рэшткі да гэтага часу не знойдзеныя. Усіх 239 пасажыраў малайзійскі бок прызнаў загінулымі. Еўрарадыё высветліла, колькі яшчэ авіякатастрофаў з ахвярамі адбылося ў мінулым годзе. 

Паводле падлікаў статыстычнага цэнтра Aviation Safety Network, які спецыялізуецца на аналізе інфармацыі аб крушэннях пасажырскіх самалётаў, за мінулы год у авіякатастрофах загінулі 990 чалавек. Гэта амаль у чатыры разы больш, чым у 2013 годзе (251 чалавек).


Больш чым траціна загінулых вандравала самалётамі… малайзійскіх авіякампаніяў. Ва ўсіх авіякатастрофах 2013 года загінула менш!

Акрамя знікнення рэйса МН370 Куала-Лумпур — Пекін 17 ліпеня над усходняй Украінай быў збіты авіялайнер рэйса MH17, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. На борце было 298 чалавек. Усе загінулі.

У канцы снежня над Яванскім морам знік самалёт малайзійскага лоўкостэра AirAsia са 162 пасажырамі, ён рухаўся з інданезійскага горада Сурабая ў Сінгапур. Усе загінулі.

Паводле падлікаў іншага статыстычнага цэнтра авіякатастрофаў The Bureau of Aircraft Accidents Archives, у мінулым годзе ў авіякатастрофах загінула рэкордная колькасць людзей за 10 гадоў. Найгоршым жа годам за ўсю гісторыю быў 1972: тады ў авіякатастрофах загінула больш за 3 тысячы чалавек. 

Адзначым для параўнання, што на дарогах Беларусі ў мінулым годзе загінула 750 чалавек.

Фота: reuters, aviation-safety.net, ria.ru, Global Look Press, mirror.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі