У 2016 годзе да чыноўніка можна будзе прыйсці толькі па вынік паслугі

Пра гэта Еўрарадыё распавядае дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Нацыянальны цэнтр электронных паслуг” Андрэй Ільін.

Еўрарадыё: Чым займаецца НЦЭП? Вы курыруеце ўсе электронныя паслугі ў краіне?

Андрэй Ільін: НЦЭП — толькі элемент структуры прадастаўлення электронных паслуг. Наша прызначэнне — міжведамаснае ўзаемадзеянне. Каб не атрымалася, што мы ў інтэрнэце можам атрымаць паслугу, але, замовіўшы яе, трэба збегаць за рог заплаціць.

Еўрарадыё: Як было першыя часы з набываннем квіткоў на цягнікі анлайн?

Андрэй Ільін: Ды яшчэ мора было такіх смешных рэчаў. Да з'яўлення НЦЭП у нас развіваліся электронныя паслугі, але яны мелі эпізадычны характар, як выспы ў акіяне. Што ж змяняецца са з'яўленнем нашага прадпрыемства? Сам выгляд паслугі, як бачыць яе карыстальнік, можа, і не зменіцца. Змяняецца тое, чаго не відаць. Калі раней кожны орган павінен быў вырашаць сам усе праблемы ўзаемадзеяння ад каналаў сувязі да праграмнага забеспячэння, то сёння гэта вырашаецца з дапамогай нашых сістэм. Гэта змяншае фінансавыя выдаткі.

Еўрарадыё: Яны ёсць ужо, гэтыя механізмы?

Андрэй Ільін: Нішто не бывае абсалютна скончаным. Любая сістэма жыве, пакуль яна развіваецца, а развіваецца яна ўвесь час. Стварэнне дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі электроннага лічбавага подпісу будзе завершана хуткім часам. Я спадзяюся, ужо сёлета сітуацыя дазволіць нам абвясціць пра пачатак функцыянавання каранёвага пацвярджальнага цэнтра. А ў наступным годзе з'явіцца механізм ідэнтыфікацыі, які можна будзе выкарыстоўваць і для фізасоб.

Знікне псіхалагічны бар'ер, які не дазваляе глядзець у экран, а вось “дай мне паперу і ўсё тут”

Еўрарадыё: Чым яшчэ займаецца НЦЭП?

Андрэй Ільін: У нашым распараджэнні адзіная сістэма кантролю выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы, электронная пошта дзяржорганаў і сістэма міжведамаснага дакументазвароту. Гэта ўжо больш за 300 тысяч дакументаў у месяц. Сказаць, што электронны дакументазварот трывала ўвайшоў у паўсядзённую дзейнасць органаў дзяржкіравання, на мой погляд, крыху заўчасна. Так, сістэмы ёсць, і яны працуюць, але ахоп пакуль недастатковы. У 2014-15 гадах электронны дакумент стане звыклым у органах дзяржкіравання.

Еўрарадыё: Гэта будзе проста ўнутраная сістэма ці, як у некаторых краінах, кожны зможа сачыць праз інтэрнэт, як ідзе праца над нейкім дакументам ці законам?

Андрэй Ільін: Калі Палата прадстаўнікоў захоча, каб нейкія рухі разгляду законапраектаў адлюстроўваліся ў інтэрнэце, гэта яе права, і ёй патрэбныя пэўныя тэхналогіі для рэалізацыі.

Еўрарадыё: Для грамадзян якая карысць ад гэтага?

Андрэй Ільін: Калі павялічваецца хуткасць прыняцця і фармавання кіраўніцкага рашэння — павялічваецца эфектыўнасць самой кіраўніцкай працы.

Еўрарадыё: Яшчэ эканомія паперы? Зараз усе дакументы будуць толькі ў электронным выглядзе?

Андрэй Ільін: Калі ў нас ёсць чыгунка, якая добра працуе, ніхто не сказаў, што нельга мяшок за спіну сабе закінуць і пайсці побач. Наша задача — стварыць эфектыўны механізм.

Але калі ў нейкім органе дзяржкіравання захочуць чамусьці выкарыстоўваць дакументы на паперы ці на цялячых шкурах, то мы не можам гэта забараніць.

Органы мясцовай улады будуць шырэй выкарыстоўваць электронны дакумент. Калі ён стане штодзённасцю, тады знікне псіхалагічны бар'ер, які не дазваляе глядзець у экран, а вось “дай мне паперу і ўсё тут”, — тады стане трошкі весялей.

Сысці ад спакусы стаць манапалістам вельмі цяжка

Еўрарадыё: Што замінала развівацца гэтаму механізму?

Андрэй Ільін: Былі размовы: давайце зробім тыпавую сістэму, укаранім яе ва ўсіх органах і арганізацыях — і нам стане лёгка і проста. Асабіста мне заўсёды такі падыход не падабаўся.

Еўрарадыё: Чаму?

Андрэй Ільін: З адной простай прычыны: у нас бы з'явіўся адзін самы разумны распрацоўнік. І, на мой погляд, гэта натуральна прыбрала б канкурэнцыю і, як вынік, прывяло б да таго, што мы непазбежна пачалі б адставаць ад нашых суседзяў у вобласці развіцця па ўзроўні сэрвісу і камфортнасці працы ў сістэме. І ў выніку мы б грошай трацілі шмат, а эфектыўнасць змяншалася б. Які б добры вытворца ні быў, ад гэтай спакусы цяжка сысці.

Мы разумеем, што шматлікія дзяржорганы не маюць у сваім штаце спецыялістаў IT і многіх гэтыя разумныя словы палохаюць. У гэтым няма нічога дрэннага, гэта не іх род дзейнасці. Для таго, каб і ў гэтых арганізацыях электронны дакументазварот стаў рэальнасцю, у НЦЭП разам з кампаніямі-вытворцамі сфарміравана адпаведная паслуга з выкарыстаннем так званых воблачных тэхналогій. Гэта значыць, што арганізацыям неабавязкова купляць абсталяванне, праграмы і наймаць спецыялістаў. Карыстаючыся нашай паслугай, яны за разумную абанплату атрымліваюць магчымасць на сваіх працоўных месцах выкарыстоўваць электронны дакументазварот.

У 2014 годзе з'явіцца шмат цікавых паслуг

 

Еўрарадыё: У чым асноўная складанасць прадастаўлення анлайн-паслуг?

Андрэй Ільін: Што такое электронная паслуга па сваёй сутнасці? Гэта тры ў адным. Каб прадаставіць вам паслугу, трэба ўзяць аднекуль інфармацыю, якая цікавіць вас. Вы павінны сябе ідэнтыфікаваць. І, нарэшце, для таго, каб не хадзіць па квітанцыю аб аплаце, вы павінны ўмець заплаціць, не адыходзячы ад камп'ютара.

Таму для рэалізацыі такой паслугі спатрэбіцца задзейнічаць механізмы засвядчальнага цэнтра, атрымаць неабходную інфармацыю з розных ведамстваў, і ва ўзаемадзеянні з банкаўскай сістэмай арганізаваць аплату паслугі. Пры гэтым важна, каб вы, замовіўшы паслугу, не заўважылі складанасцяў міжведамаснага ўзаемадзеяння.

Еўрарадыё: Я рэгістраваўся на Адзіным партале электронных паслуг. Але ён не вельмі ўражвае. Па сутнасці, набор спасылак на розныя сайты, некаторыя з якіх не працуюць.

Андрэй Ільін: Вы кажаце пра агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму, ці ААІС — гэту абрэвіятуру ўжо ведаюць у краіне. Сайт portal.gov.by —  яе твар у інтэрнэце. Гэта адзіная кропка ўваходу, якая з часам павінна набыць вельмі цікавы характар. Сапраўды так, сёння не можам пахваліцца, што гэты партал стаў такім ужо прывабным. Але давайце ўспомнім пра тры ў адным. Цяпер наша задача стварыць механізмы, каб можна было зручна браць гэту інфармацыю са шматлікіх рэсурсаў. Яны тэрытарыяльна разнесеныя, гэта розная ведамасная прыналежнасць. Адпаведна, рознае заканадаўства, якое абумоўлівае схемы вядзення і напаўнення інфармацыі.

Хутка ў нас з'явіцца ідэнтыфікацыя. З пункту гледжання аплаты ў рэжыме анлайн на Адзіным партале электронных паслуг, мы працуем з банкаўскай сістэмай і досыць хутка забяспечым узаемадзеянне з ёй сістэмы ЕРИП. Такім чынам, мы зможам забяспечыць магчымасць у рэжыме анлайн аплаціць паслугу. І пляцоўкай будзе portal.gov.by.

Вы кажаце, што там толькі спасылкі. Сапраўды, паслуг не вельмі шмат, але яны ёсць. Сёння да сістэмы падлучана каля васьмі органаў дзяржкіравання і каля дзесяці інфармацыйных рэсурсаў. Мы працуем над тым, каб партал стаў прывабным. Думаю, у 2014 годзе мы прадэманструем шырокі спектр цікавых паслуг.

 

Да 2016 году ў дзяржорган можна будзе прыйсці толькі па вынік паслугі

Еўрарадыё: Паслугамі можна будзе карыстацца анлайн. А што рабіць тым людзям, якія не сябруюць з інтэрнэтам?

Андрэй Ільін: Мы выдатна разумеем, што заўсёды будуць людзі, якія не ўмеюць, не жадаюць ці не будуць прынцыпова карыстацца сучаснымі тэхналогіямі. Для іх ствараем механізм інфармацыйных пасярэднікаў — зусім свежая пастанова ўрада выйшла ў кастрычніку 2013 года. Дзве арганізацыі прызначаны такімі пасярэднікамі: “Белпошта” і “Белтэлекам”. Увесну 2014 года ў філіялах гэтых арганізацый чалавек, прад'явіўшы пашпарт, зможа атрымаць электронныя паслугі, якія дзяржорганы рэалізуюць праз ААІС.

У інтэрнэце, пакуль не будзе сістэмы ідэнтыфікацыі, гэта адбудзецца крыху пазней — калі ў чалавека будзе механізм, з дапамогай якога ён зможа сябе ўпэўнена ідэнтыфікаваць.

Еўрарадыё: Колькі ў нас будзе сэрвісаў?

Андрэй Ільін: Для таго каб сказаць пра скончаную паслугу, неабходна мець магчымасць узаемадзеяння з рэсурсамі і міністэрствамі. Напрыклад, калі мы хочам зарэгістраваць свой аўтамабіль дыстанцыйна, рана ці позна нам трэба з'явіцца ў ДАІ, каб атрымаць нумары. Але першасныя дакументы мы цалкам можам падаць праз інтэрнэт. Для гэтага трэба арганізаваць узаемадзеянне не толькі з базай ДАІ, але і з іншымі органамі дзяржкіравання.

Але гэта паслуга не НЦЭП, гэта паслуга МУС. Я ўвесь час адсылаю вас да кампетэнцыі НЦЭП, таму што мы толькі забяспечваем механізм. І калі ДАІ палічыць магчымым гэту паслугу перавесці ў электронны выгляд, то яна ўсё адно застанецца паслугай МУС.

Еўрарадыё: Можа, ёсць пералік паслуг, які павінен быць сфарміраваны?

Андрэй Ільін: Цяпер міністэрствы і ведамствы фарміруюць пералікі электронных паслуг. Яны ўзгадняюцца і будуць пераводзіцца ў электронны выгляд. У пастанове ўрада ёсць штогадовыя планы, гэта дазволіць да 2016 года выйсці на шырокі спектр паслуг.

Еўрарадыё: Якія паслугі з'явяцца ўжо ў 2013 годзе?

Андрэй Ільін: Мы актыўна працуем з Нацыянальным кадастравым агенцтвам. А гэта Дзяржаўны камітэт па маёмасці — арганізацыя, адно з яркіх месцаў у краіне, дзе даўно і эфектыўна пераводзяцца паслугі ў электронны выгляд. Ужо даступны шырокі спектр паслуг. Цяпер магчымасці па іх прадастаўленні пашырацца.

Еўрарадыё: Калі мы прыйдзем да электронных карт з электронным подпісам? У якім годзе будзе апошні, пяты, этап развіцця электронных паслуг, калі ўсё можна будзе рабіць праз інтэрнэт?

Андрэй Ільін: Магу сказаць: калі мы дасягнём чацвёртага этапу, які прадугледжвае аднакратнае з'яўленне ў органах дзяржкіравання для атрымання выніку паслугі. Па найбольш значных паслугах імкнёмся паспець да 2016 года — гэта найболей рэальная лічба.

Вядома, паслугі будуць удасканальвацца, будуць з'яўляцца новыя. Зроблена галоўнае — праведзена чыгунка, а гэта самы цяжкі этап, калі трэба пракласці пуці.

Для атрымання крэдыту не трэба будзе несці даведкі

Еўрарадыё: Першым будзе кадастравае агенцтва, можна яшчэ нейкі прыклад прывесці?

Андрэй Ільін: Сёння ёсць каля 34 паслуг, якія мы прадастаўляем. Іншая справа, што гэтыя паслугі не ўкладзеныя ў звыклую слоўную ўпакоўку. Я, напрыклад, не гатовы сказаць, што ў нас ёсць паслуга дыстанцыйнай рэгістрацыі шлюбу. Каб шлюб зарэгістраваць, трэба забяспечыць механізмы ўзаемадзеяння з органамі ЗАГСа, сістэмай МУС для праверкі сапраўднасці дакумента, змяніць нарматыўныя дакументы, самі паняцці, каб зрабіць магчымым доступ да іх праз інтэрнэт.

Мы цяпер у сітуацыі, калі інфраструктура ёсць, але недастаткова інфармацыйных рэсурсаў, якія далучаныя да гэтай інфраструктуры. Нарматыўныя дакументы недастаткова адаптаваныя да рэалій віртуальнага свету. Гэтыя недахопы прыводзяць да таго, што на зразумелай людзям мове нам цяжка мець зносіны.

Тым не менш мы ўжо выходзім на характэрныя для жыццёвых сітуацый паслугі. Але гэта хутчэй тычыцца юрасоб. У якасці прыкладу, мы імкнёмся выйсці на паслугу “Інфармацыйнае забеспячэнне працэдуры выдачы крэдыту” — калі па адным запыце банкаўскі службовец атрымае ўсю інфармацыю, неабходную для хуткага прыняцця рашэння пра магчымасць выдачы крэдыту. Гэта ўжо адчувальны вынік.

Еўрарадыё: Гэта тычыцца фізічных асоб?

Андрэй Ільін: Ускосна. Вам будзе дастаткова прыйсці ў банк, і не трэба прыносіць сто даведак. Спадзяюся, банкіры змогуць давяраць інфармацыі, атрыманай праз ААІС.

Напрыклад, даведку пра зарплату не трэба будзе несці?

Андрэй Ільін: Вось гэта прыклад узаемадзеяння з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Ім трэба будзе ўнесці змены ў сваю нарматыўную базу. Чалавек піша ў банку заяву, што згодзен з тым, што банк возьме інфармацыю пра яго зарплату. Тэхнічна мы да гэтага гатовыя сёння. Але цяпер гэта інфармацыя заканадаўча не можа быць перададзена іншым чынам. І нават калі я згодзен падаць банку інфармацыю пра сваю зарплату, мне трэба несці даведку. Гэта самая цяжкая частка — унясенне змен у нарматыўныя акты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі