У Адэсе затрымалі беларуса, якога падазраюць у датычнасці да сепаратыстаў
Украінскія праваахоўнікі затрымалі ў Адэсе грамадзяніна Беларусі. Паводле іх звестак, мужчына знаходзіўся ў вышуку і легалізаваўся ва Украіне, выкарыстоўваючы чужыя падробленыя дакументы.
Радыё "Свабода" даведалася ў праваахоўных органах Украіны, што беларускі грамадзянін знаходзіўся ў міжнародным вышуку паводле запыту з Расіі. Яго падазраюць у забойстве на расійскай тэрыторыі. Прозвішча затрыманага пакуль не называюць.
Украінскія памежнікі кажуць, што праваахоўнікі звярнулі на яго ўвагу, калі белару стаў вырабляць і размяшчаць на інфармацыйных рэсурсах "прадукцыю сепаратысцкай накіраванасці". Акрамя таго, мужчыну падазраюць у магчымай датычнасці да тэрарыстычных груповак.
Падчас ператрусу ў яго знайшлі падроблены пашпарт грамадзяніна Украіны на чужое імя і пасведчаньне кіроўцы. Дакументы, нібыта, былі набытыя на тэрыторыі часова акупаванага Данбасу.
За падробленыя дакументы беларусу пагражае штраф, арышт на тэрмін да шасці месяцаў або абмежаванне волі на два гады.
Калі пацвердзіцца яго датычнасць да незаконных узброеных фармаванняў так званых "ДНР-ЛНР", то справа перакваліфікуюць.