У адзін з гомельскіх двароў завітала сапраўдная рысь

У двор аднаго з прыватных гомельскіх дамоў, што знаходзіцца непадалёк ад цэнтру горада, патрапіла сапраўдная рысь. Міліцыянты і супрацоўнікі МНС знайшлі гэтую котку на дрэве, куды яе загнаў свойскі сабака.  Напярэдадні ўвечары рысь, ратуючыся ад сабакі, білася ў акно і праз шкло нават паспрабавала ўкусіць гаспадара, які звярнуў увагу на шум. Потым яна ўсю ноч правяла на галіне  дрэва. Адтуль яе знялі ратавальнікі.

Некалькі гадзінаў драпежніца правяла ў адным з памяшканняў гомельскай пажарнай аварыйна-ратавальнай часткі. Затым яе перадалі Жлобінскаму заапарку, паведамляе газета “Савецкі раён”.

Пакуль невядома, ці хварэе гэтая рысь на шаленства і што ўвогуле прымусіла дзікую котку завітаць у горад. Цалкам верагодна, што яна папросту ўцякла ад нейкага аматара экзатычнай фаўны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі