У аэрапорце Таронта скралі кантэйнер з золатам на 20 млн канадскіх долараў
Паліцыя мяркуе, што за выкраданнем стаіць арганізаваная злачынная групоўка ці нават групоўкі / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У міжнародным аэрапорце Таронта Пірсан скралі кантэйнер з золатам на 20 млн канадскіх долараў (каля 15 млн долараў ЗША). Паліцыя праводзіць расследаванне. Як адзначае "Бі-Бі-Сі", калі факт крадзяжу пацвердзіцца, гэта будзе адзін з самых буйных налётаў у гісторыі Канады.
Згаданы аэрапорт выкарыстоўваецца як перавалачны пункт для золата, здабытага ў правінцыі Антарыё. Авіяцыйны кантэйнер з золатам і іншымі каштоўнасцямі прывезлі туды ўвечары 16 красавіка, а на наступны дзень ён знік з грузавога дэпо.
Улады не сталі называць авіякампанію, якая перавозіла гэты кантэйнер, адкуль прыбыў груз і куды ён павінен быў патрапіць. Паліцыя мяркуе, што за выкраданнем стаіць арганізаваная злачынная групоўка ці нават групоўкі. Але прапануе дачакацца вынікаў расследавання.
Кіраўніцтва аэрапорта паспяшалася адзначыць, што выкрадальнікі, калі такія былі, не праніклі ў сам аэрапорт, але маглі атрымаць доступ у дэпо, якое здадзена ў арэнду трэцяму баку, даступнае для публікі і не з'яўляецца часткай перыметра бяспекі аэрапорта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.