У апазіцыі і Лукашэнкі — “тупіковыя пасылы”: чаму не наступаюць “перамены”?

У апазіцыі і Лукашэнкі — “тупіковыя пасылы”: чаму не наступаюць “перамены”?

Аляксандр Лукашэнка ў жніўні 2021 года выказаўся пра неабходнасць “пераменаў” у краіне. Першыя з іх беларусы ўжо пабачылі — напрыклад, праект Канстытуцыі, які беларускае грамадства ўспрыняло неадназначна. Чаго яшчэ чакаць ад “пераменаў” і якімі яны будуць хутчэй за ўсё — пазітыўнымі, негатыўнымі?

— Я б пазбягаў эмацыйных ацэнак. Сістэма ўжо мяняецца, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё эксперт украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч. — Вяртанне да ўмоваў камунікацыі, умоваў прыняцця рашэнняў, умоваў існавання значнай часткі грамадства і тых, хто мае ўладныя паўнамоцтвы, — вяртанне да ўзору 2019 года ўжо немагчымае. Гэта ўсведамляе і сам Лукашэнка, няхай з болем і цяжкасцю, і ўсведамляюць тыя, хто вакол яго.

Перадумовы ўзнікнення супрацьлеглых кірункаў пошуку арыенціраў для развіцця часткі беларускага бізнесу, грамадства і сярэдняга класа не зніклі. Адпаведна, такая сістэма альбо развальваецца, альбо відазмяняецца. Пры гэтым казаць, у добры ці кепскі бок — падманваць сябе. Таму што гэта эмацыйныя ацэнкі.

— Першым крокам будзе спроба старых кіраўнічых элітаў захаваць сваё становішча, — працягвае эксперт. — Магчыма, пераразмеркаваць сферы ўплыву паміж рознымі маленькімі групамі ўнутры вялікай групы, якая знаходзіцца каля Лукашэнкі. Але пры гэтым не дзяліцца ўладай ні з кім іншым. Гэта спроба не задавальняе нікога і не задавальняе тых, хто выходзіў на пратэсты, хто чакае зменаў у бок больш вольнага бізнесу, большай дэмакратызацыі альбо яшчэ чагосьці. Зараз, на жаль, з боку апанентаў Лукашэнкі няма ўцямнага ўяўлення “а што мы хочам?”. У кожнага свая ісціна, сваё бачанне будучыні. Змены, якія задумалі з рэферэндумам, не адпавядаюць багатай колькасці чаканняў апанентаў. Але, з іншага боку, яны не адпавядаюць нават тым, хто сёння знаходзіцца пры ўладзе.

Ад чаго будзе залежаць хуткасць такіх зменаў?

— Па-першае, ад таго, наколькі хутка групы праўладных і апазіцыйных элітаў сфармуюць вобраз “што мы хочам атрымаць у будучыні?”, — лічыць Ігар Тышкевіч. — Станам на сёння ёсць дзве абсалютна тупіковыя тэзавыя канструкцыі. Першая — “Дзяржава — гэтая я” Аляксандра Лукашэнкі. Апеляванне да замшэлых тэзаў кшталту “Мы павінны захаваць тое, што мы адбудавалі”, “Не галадаем — і добра”. Даруйце, калі ласка, але апошні голад у Еўропе быў у трыццатыя гады, і быў ён спрычынены камуністамі. Гэта ўжо не заходзіць для тых людзей, якія больш-менш паспяховыя і якія адчуваюць, што такое новая эканоміка. Гэты тупіковы пасыл і спроба цэментаваць сітуацыю.

З іншага боку ёсць не менш тупіковы пасыл — “давайце Лукашэнка сыдзе”. Усім стане добра, Еўропа нам дапаможа. Апеляцыя да такіх тэзаў больш падобная да “12 крэслаў” Ільфа і Пятрова, дзе “замежжа нам дапаможа”. Бачання будучыні, бачання “а што мы будзем рабіць?” пакуль няма. Улада — гэта толькі механізм, сродак, інструмент для таго, каб змяніць на штосьці.

Таму гэта [хуткасць зменаў. — Еўрарадыё] будзе залежаць ад таго, калі з’явіцца ў той ці іншай групе больш-менш яснае бачанне “што мы будуем”, прычым гэта могуць быць канкуруючыя канцэпцыі. Другое — наколькі адкрытыя знешнія рынкі і якія адносіны паміж ключавымі геапалітычнымі гульцамі. І трэцяе — наколькі будуць фармавацца механізмы данясення інфармацыі і камунікацыі, механізмы прыняцця рашэнняў з абодвух бакоў. Наколькі яны будуць ахопліваць патэнцыйна актыўных грамадзянаў с рознымі перакананнямі, — падсумоўвае Ігар Тышкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі