У Баранавічах злавілі чарапаху, якая ўцякла тры дні таму
У прыватным сектары Баранавічаў каля школы №9 увечары 26 чэрвеня злавілі чарапаху, піша intex-press.by.
Жывёлу заўважыў Яўген Лойка, які напісаў пра гэта ў Instagram. Ён кажа, што спярша нават не паверыў, што яна жывая. "Я прысеў і ўбачыў, што яна жуе траву. Як ні дзіўна, чарапаха вельмі хутка пабегла да мяне", — падзяліўся ўражаннямі хлопец.
Яўген чуў, што ў адным з суседніх дамоў жыве чарапаха. Таму ён вырашыў аднесці жывёлу туды і пацікавіцца, ці не іх гэта ўцякачка. Выявілася, што чарапаха сапраўды ўцякла з гэтага дома тры дні таму.