У Бараўлянах зафіксаваны выпадак адру
Па Бараўлянах папаўзлі чуткі, што ў пасёлку — адзёр, а прышчэпку зрабіць немагчыма, бо няма вакцын. Але, як даведалася Еўрарадыё, чуткі перабольшаныя.
У прышчэпачным кабінеце Бараўлянскай паліклінікі Еўрарадыё супакойваюць: зафіксаваны адзін выпадак дзіцячага адру. Непрышчэпленае дзіця, будучы ва Украіне, падчапіла адзёр. Там жа пяць дзён знаходзілася на стацыянарным лячэнні. Цяпер з ім усё ў парадку. З вакцынамі ў паліклініцы таксама праблем няма:
“Прышчэпкі робяцца ў планавым парадку. Усе вакцыны ў наяўнасці”, — кажуць у прышчэпачным кабінеце.
На 3 красавіка ў Беларусі было зафіксавана 40 выпадкаў адру. Тым часам ва Украіне працягваецца эпідэмія адру. Па апошніх дадзеных Цэнтра грамадскага здароўя Мінздароўя Украіны, з пачатку года захварэла 16819 чалавек — 6850 дарослых і 9969 дзяцей. За гэты час ад ускладненняў ад хваробы памерла дзевяць чалавек: шэсць дзяцей і трое дарослых.