У Беларусь не ўпусцілі карэспандэнтку польскага інфармагенцтва
На беларуска-польскай мяжы / Ілюстрацыйнае фота Reuters
У Беларусь не ўпусцілі карэспандэнтку польскага інфармагенцтва PAP Юстыну Прус. Ёй забаронены ўезд у нашу краіну на пяць гадоў, паведамляе pap.pl.
Адзначаецца, што Прус працавала ў Беларусі з 2016 года (з перапынкам у 2020-2021 гадах праз часовае ануляванне акрэдытацыі), асвятляла прэзідэнцкія выбары і пратэсты ў 2020-м, таксама шмат пісала пра міграцыйны крызіс. Рашэнне аб адмове ва ўездзе прыняў КДБ. Карэспандэнтка атрымала яго ад беларускіх памежнікаў. Прычына не называецца. Але 1 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які забараняе працу СМІ "недружалюбных краін" у Беларусі.
26 траўня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прысуд актывісту польскай меншасці, палітвязню Анджэю Пачобуту. У адказ на гэта Варшава ўвяла санкцыі для некалькіх соцень прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Наступным крокам стала спыненне з 1 чэрвеня праезду праз мяжу беларускіх і расійскіх фур. У Варшаве заявілі, што калі Пачобута не вызваляць, санкцыі будуць толькі ўзмацняцца. Відаць, рэжым Лукашэнкі спрабуе прыдумаць "контрсанкцыі".
Анджэй Пачобут у лютым 2023-га ў Гродне быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за "заклікі да санкцый" і "распальванне сацыяльнай варожасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.