У Беларусь прыбыў новы пасол Літвы Андрус Пулокас
У Беларусь прыбыў новы пасол Літвы Андрус Пулокас, паведамляе БелаПАН. На гэтай пасадзе ён змяніў Эвалдаса Ігнатавічуса, які ўзначальваў пасольства ў Мінску з вясны 2013 года да 11 ліпеня 2016-га.
Пулокас нарадзіўся ў 1971 годзе. Ён атрымаў вышэйшую адукацыю ў галіне знешняга гандлю і міжнародных адносін у Літве, а таксама ў галіне міжнароднага маркетынгу — у Нямеччыне. У Швейцарыі вывучаў прынцыпы ўладкавання Еўрасаюза. Прафесійную кар'еру Андрус Пулокас пачаў ва ўрадавай канцылярыі, затым працаваў у пасольстве Літвы ў Нямеччыне, у эканамічным дэпартаменце літоўскага МЗС. Таксама Пулокас працаваў паўнамоцным міністрам-паслом Літвы ў Расіі, а з 2012 года і да прызначэння ў Беларусь узначальваў консульскі дэпартамент МЗС. Ён валодае нямецкай, рускай і англійскай мовамі. Жанаты, у яго двое сыноў.
Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, уручаючы Пулокасу даверчыя граматы, адзначыла, што літоўскі бок працягне патрабаваць празрыстасці будаўніцтва Беларускай АЭС у Астравецкім раёне. Вільня таксама будзе настойваць на тым, каб улады Беларусі дазволілі прыезд на АЭС міжнародных экспертаў. Яны мусяць даць аб'ектыўную ацэнку бяспецы аб'екта і яго ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.