У Беларусі абмежавалі разлікі наяўнымі грашыма
Ліміт на наяўныя разлікі складзе каля 14 тысяч долараў (1000 базавых велічынь) і пачне дзейнічаць праз паўгода.
Пакупкі, якія будуць каштаваць даражэй, можна будзе аплаціць толькі безнаяўна. Адпаведны ўказ 16 кастрычніка падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
З устаноўленага правіла ёсць толькі адно выключэнне. Абмежаванне не распаўсюджваецца на плацяжы фізічных асоб за тавары, працы ці паслугі, якія праводзяцца за наяўны разлік непасрэдна ў касах банкаў для залічэння на рахункі юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў.
Сёння, каб стымуляваць кліентаў разлічвацца “пластыкам”, банкі прапануюць розныя праграмы лаяльнасці. Адна з іх — кэшбэк, калі частка кошту пакупкі, аплочанай па карце, вяртаецца назад на рахунак. Як прапісана ва ўказе, да 1 студзеня 2017 года такі прыбытак не будзе абкладацца падаткам. Праўда, калі бонус не перавышае двух адсоткаў.
Дакументам таксама прадугледжана, што сумы грашовых сродкаў, выкрадзеныя ў фізічных асоб з рахункаў (да якіх выпушчаныя ў абарачэнне аплатныя карткі) і ў наступным вернутыя ім банкамі, не прызнаюцца аб'ектам падаткаабкладання.
Сёння доля безнаяўных плацяжоў у Беларусі складае 25%. Мэта ўказа — павялічыць гэты паказчык, інфармуе TUT.by