У Беларусі большасць ксяндзоў адпускала грэх аборта задоўга да дазволу Папы
Кіраўнік каталіцкай царквы Папа Францішак дазволіў усім святарам адпускаць грахі жанчынам, якія зрабілі аборт. У заяве пантыфіка, якая з'явілася ў аўторак, паведамляецца, што гэты дазвол будзе дзейнічаць падчас пазачарговага Святога года, які пачнецца 8 снежня 2015 года і працягнецца да 20 лістапада 2016 года і будзе мець назву “Святога Года Міласэрнасці”.
У сваім пасланні Папа піша, што сустракаў многіх жанчын, якія “нясуць на сваім сэрцы шнар ад такога пакутлівага і балючага рашэння”. Паводле яго слоў, таму, хто раскаяўся, не можа быць адмоўлена ў прабачэнні. Таму пантыфік дазволіў усім святарам адпускаць грэх аборту.
Рэктар Пінскай духоўнай семінарыі ксёндз Андрэй Рылка кажа, што аборт расцэньваецца ў каталіцтве як забойства найбольш безабароннага з усіх людзей. Таму ён з’яўляецца адным з найстрашнейшых грахоў, які не можа быць адпушчаны маладым ці простым святаром. Толькі біскупы выдаюць адмысловы дазвол ксяндзам на адпусканне такога граху.
“Але ў Беларусі біскупы выдаюць права адпускаць такі грэх шырокаму колу святароў, таму што ў нас іх папросту мала. І рыхтуюць ужо маладых так, каб яны ведалі як размаўляць і дапамагчы жанчынам, якія сутыкнуліся з такой праблемай”, — кажа ксёндз Андрэй.
Такім чынам, для шараговых беларускіх католікаў гэтая ініцыятыва мала што зменіць.
Але ў заходняй прэсе яна выклікала вялікі рэзананс. Некаторыя выданні вырашылі, што такі крок Папы з’яўляецца крокам да лібералізацыі касцёла.
Ксёндз Андрэй кажа, што падобны дазвол не сведчыць пра “ліберальныя тэндэнцыі”, а з’яўляецца звычайнай практыкай, якая вядзецца спакон вякоў. У сувязі з нейкімі іншымі юбілеямі ці падзеямі кожны Папа выдаваў падобныя дазволы, ці па латыні "індульгенцыі". Так адбывалася, каб пайсці насустрач вернікам і спрасціць фармальнасці. У такой сітуацыі гэта абсалютна звычайная практыка.
Нагадаем, Рыма-каталіцкая царква ўпершыню правяла Святы (Юбілейны) год у 1300-м. З тых часоў яго праводзяць рэгулярна чатыры разы на стагоддзе. У XXI стагоддзі Святы год быў абвешчаны ў 2008-м у гонар юбілею са дня нараджэння апостала Паўла.
Фота: ic.pics.livejournal.com