У Беларусі другі дзень масава ідуць суды за акцыі "недармаедаў"

У Беларусі другі дзень масава ідуць суды за акцыі "недармаедаў"

Другі дзень запар у розных гарадах Беларусі працягваліся суды над удзельнікамі акцыяў пратэсту супраць дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". 

У Брэсце відэаблогера Сяргея Пятрухіна завочна асудзілі на 15 сутак. Блогера Дзмітрыя Гарбунова асудзілі на такі ж тэрмін, хаця ён паказаў суду рэдакцыйнае заданне ад "Брестской газеты", паводле якога ён накіроўваўся асвятляць акцыю, перадае Радыё "Свабода". Маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі пры невядомых акалічнасцях і даставілі ў суд. 

У Мінску двух сябраў "Моладзі БНФ" Мікіту Краснакуцкага і Мікалая Логвінава аштрафавалі на 5 базавых кожнага (115 рублёў) за раздачу ўлётак з запрашэннем на Дзень Волі. Таксама вядома, што ў Мінску затрымалі Марыну Насенку, калі яна несла перадачу для асуджанага раней на пяць сутак Вячаслава Касінерава. Дзяўчыну асудзілі на 12 сутак арышту

У Гродне сябра ПБНФ Віталя Гуляка аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (690 рублёў), сяброўку АГП Ірыну Давідовіч — на 15 (345 рублёў). Галіна Ламашэвіч аштрафаваная на 7 базавых велічыняў (161 рубель), Верамеенка Вольга — на 15 (345 рублёў), Мікалай Салянік — на 8 (184 рублі). Старшыня гродзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў арыштаваны на 13 сутак. Сябра АГП Ежы Грыгенчы атрымаў 15 сутак арышту, сябра БСДП(Г) Анатоль Мышкевіч — штраф у 25 базавых велічыняў (575 рублёў), актывіст Яўген Браўн — штраф у 15 базавых (345 рублёў). Сябра БХД Сяргей Верамеенка асуджаны на 15 сутак арышту, яго паплечнік па БХД Антон Вайцехаў аштрафаваны на 15 базавых (345 рублёў), актывіст Аляксандр Абуховіч — на 25 базавых (575 рублёў).

У Магілёве сябра аргкамітэта БХД Алега Аксёнава арыштавалі на 15 сутак.

У Бабруйску Аляксея Раманава аштрафавалі на дзве базавыя (46 рублёў), абвінаваціўшы ў хуліганстве. Затрыманы Максім Буйніцкі, якога будуць судзіць 16 сакавіка, абвясціў галадоўку. Яўгена Васьковіча арыштавалі на 15 сутак. Юрася Грынявецкага, які адзін гадуе 14-гадовую дачку, аштрафавалі на 30 базавых (690 рублёў). 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі