У Беларусі хакеістаў пачнуць рыхтаваць з 6 гадоў
У Беларусі хакеістаў пачнуць рыхтаваць з 6 гадоў. Пра гэта па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы паведаміў старшыня Федэрацыі хакея нашай краіны Сямён Шапіра. Як паведамляла Еўрарадыё, гаворка ішла пра няпростую сітуацыю ў беларускім хакеі і шляхі яе выпраўлення. Лукашэнка крытыкаваў і хакеістаў, і трэнераў.
Па словах Шапіры, раней дзяцей набіралі з 7 гадоў, аднак міністэрствы аховы здароўя, адукацыі, спорту, “з улікам меркавання спецыялістаў”, вырашылі, што дзеці могуць пачынаць займацца хакеем на год раней. Пры гэтым спасылаецца на сусветны досвед, інфармуе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка даручыў вырашыць праблему з набыццём неабходнай экіпіроўкі для юных хакеістаў. Калі спатрэбіцца, то для іх у Беларусі пачнуць шыць форму, вырабляць клюшкі. Што да дзіцячых трэнераў, дык прапануецца дзіцячы і юнацкі хакей у рэгіёнах падымаць з дапамогай спецыялістаў з Мінска. Пры гэтым для іх створаць неабходныя ўмовы для працы, уключна з годнымі заробкамі. Будзе вырашацца пытанне і з вучэбна-трэніровачным працэсам у хакейных школах. З-за таго, што лядовыя арэны выкарыстоўваюцца пераважна для масавага катання і аматарскіх гульняў, колькасць трэніровак юных хакеістаў неабгрунтавана скарачаецца.